Навошта кляшчы кусаюць людзей?

Грамадства Свежыя навіны

Кляшчу патрэбна кроў, каб размнажацца і расці.

За сваё жыццё ён есць усяго тры разы. Затое як!

Людзей (і іншых млекакормячых, якія трапілі “пад гарачую лапу”) кусаюць і самцы, і самкі. Але самкі могуць вісець на сваёй ахвяры ад 3 да 10 дзён, а самцы толькі перакусваюць і адпраўляюцца шукаць самак, якія якраз “снедаюць”, каб спарыцца з імі. Улічваючы глабальнасць задачы па размнажэнні, якая стаіць перад самкай, ёй трэба выпіць крыві ў сотні разоў больш, чым яна сама. Так што, калі на вашым сабаку выяўляецца гэтакі шэры даўгаваты мяшочак даўжынёй у сантыметр, то гэта яна і ёсць – самка кляшча, якая харчуецца ўжо некалькі сутак і павялічылася ў памерах у 80-120 разоў.

Аплодненая самка, наеўшыся крыві, бліжэй да канца вясновага сезона, гэта значыць у маі-чэрвені, адкладае прыкладна тысячу яек. У сярэдзіне лета з іх з’яўляюцца маленечкія лічынкі з трыма парамі ног. Іх мэта – дробныя птушкі і лясныя звяркі. Людзей такая клешчавая дробязь у якасці ахвяры нават не разглядае. Напіўшыся крыві, лічынкі хаваюцца ў лясной падсцілцы, дзе пераходзяць на наступны этап свайго жыцця і ператвараюцца ў німф. На гэтай стадыі клешч мае ўжо 4 пары канечнасцяў. Але ў гэтым годзе ён больш не есць і зімуе ў падсцілцы.

Наступнай вясной німфы пачынаюць паляванне на вожыкаў, зайцоў, вавёрак і іншых млекакормячых. Чалавек па-ранейшаму пакуль яшчэ занадта вялікі для іх. Німфа, насмактаўшыся крыві, становіцца самцом або самкай, каб зноў сысці на супакой і яшчэ праз год выйсці на чарговае паляванне. Такім чынам, клешч, які кусае чалавека, ужо не маладое неспрактыкаванае членістаногае. Яму пайшоў трэці (а часам і чацвёрты-пяты) год, і ён на вяршыні свайго развіцця. Дарэчы, з тысячы адкладзеных самкай яек да гэтай стадыі “дабіраецца” ў лепшым выпадку некалькі дзясяткаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga