Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулых тыдняў

Важнае Здарэнні і бяспека

З 15 жніўня па 11 верасня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 288 паведамленняў, 19 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 69 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 200 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 128 правапарушальнікаў, узбуджана 18 крымінальных спраў.

Па прадукты – да суседкі

Беспрацоўны жыхар адной з вёсак раёна вырашыў разжыцца на прадукты харчавання за кошт сваёй суседкі. Калі жанчыны не было дома, ён вырваў прабой з уваходных дзвярэй яе хаты і забраў з сабой прадукты харчавання на 20 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Калі металалом не пад замком

Крымінальная справа за крадзеж, але ўжо металалому, узбуджана яшчэ на аднаго беспрацоўнага вяскоўца. Мужчына скраў з незамкнёнай гаспадарчай пабудовы сваёй зямлячкі 230 кілаграмаў лому чорнага металу і 16 – алюмінію на агульную суму 150 рублёў.

Прапала сетка-рабіца

Міліцыя адшуквае фігуранта яшчэ аднаго крадзяжу і спадзяецца на садзейнічанне жыхароў раёна. Гэты злодзей пагаспадарыў у вёсцы Драбавічы, дзе вырваў прабой з уваходных дзвярэй адной з дач і скраў адтуль 3 рулоны сеткі-рабіцы, чым нанёс гаспадыні матэрыяльны ўрон на 120 рублёў.

Махляром аказаўся гродзенец

Праваахоўнікі ўстанавілі асобу злачынцы, які на сайце “Куфар” прапаноўваў для продажу мабільны тэлефон, але замест гэтага ў час перапіскі з дзятлаўчанінам завалодаў яго 210 рублямі. Цяпер махляр паўстане перад судом.

Картка апусцела

На жаль, нягледзячы на прафілактычную работу і намаганні праваахоўных органаў, нашы землякі прадаўжаюць трапляць на вуду злодзеяў з Інтэрнэта. Чарговай ахвярай зламысніка з сусветнай павуціны стала наша зямлячка, якая пазбавілася буйноў сумы, больш за 13 тысяч рублёў, са свайго карт-рахунка. Узбуджана крымінальная справа.

Злодзей з вялікай дарогі

На адной з вясковых дарог раёна раней не судзімы дзятлаўчанін абрабаваў земляка-вяскоўца. Мужчына сілай забраў у пацярпелага веласіпед і пакет з прадуктамі. Скрадзеная маёмасць ацэнена ў 383 рублі. Вінаватага чакае суд.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga