Падарожжа на планету Адкрыццяў

Грамадства Свежыя навіны

Такая незвычайная планета прыняла ў госці выхаванцаў летніка “Эрудыт” гімназіі № 1 райцэнтра.

Зарадка і хвілінка здароўя “Сакрэты закальвання” надалі дзецям бадзёрасці на цэлы дзень. Але самым важным адкрыццём дня стала экскурсія па імправізаваным раскопе перыяду Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, дзе дзеці вучыліся распазнаваць манеты, элементы керамікі і шкла, медныя і латунныя кольцы. Таксама наведалі школьны музей, майстар-клас “Беларуская хатка”. Паралонавае шоу з аніматарамі чакала выхаванцаў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе маленькія фантазёры будавалі замкі, лабірынты, умацаванні з рознакаляровых кубікаў. Напрыканцы дня асфальтныя дарожкі вакол гімназіі напоўніліся каляровымі малюнкамі – у конкурсе “Я малюю лета крэйдай на асфальце!”  выхаванцы спаўна праявілі сваю фантазію і творчыя ўменні. У канцы касмічнага падарожжа ўсе атрымалі памятныя прызы.

У гасцях у ратаўнікоў

Выхаванцы летніка “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы наведалі раённы аддзел МНС. Напярэдадні супрацоўнікі РАНС самі былі гасцямі  ў школе і паказвалі выхаванцам, як працуе пажарная машына. Дзеці змаглі пасядзець на месцы вадзіцеля, адчуць на сабе ўвесь груз абмундзіравання сапраўднага пажарнага.

А ўжо на наступны дзень выхаванцы летніка прыехалі ў госці да ратаўнікоў у пажарную аварыйна-выратавальную часць № 1 горада Дзятлава. Дзецям арганізавалі экскурсію па новым двухпавярховым будынку, паказалі трэнажорную залу, пакоі прыёму ежы і адпачынку, гараж, расказалі пра цяжкую, але цікавую службу, прывёўшы рэальныя прыклады тушэння пажару і выратавання людзей і жывёл.

Рэцэпт бяспечных канікулаў

У рамках Міжнароднага дня святлафора ў летніку “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада  Дзятлава выхаванцы сустрэліся з інспектарамі ДПС МА ДАІ Слонімскага РАУС. Яны нагадалі дзецям асноўныя правілы дарожнага руху, удакладнілі асаблівасці перамяшчэння на веласіпедах, самакатах і роліках. Дзеці  з задавальненнем прымерылі на сябе бронекамізэльку, каску, наручнікі, патрымалі ў руках жазло і нават пасядзелі за рулём службовага аўтамабіля. Госці адказалі на ўсе пытанні выхаванцаў і пажадалі ім бяспечнага і цікавага адпачынку.

Жыві ў згодзе з прыродай

Чарговы дзень у летніку “Усмешка” быў прысвечаны  прыродзе.

У рамках Дня экалогіі выхаванцы наведалі Вензавецкае лясніцтва. Яны адправіліся ў займальнае падарожжа па экасцежцы, дзе ляснічы Дзмітрый Ваніслаўчык  расказаў пра асаблівасці сваёй прафесіі, паказаў працоўныя месцы работнікаў, пазнаёміў  з супрацьпажарным абсталяваннем. На беразе возера падарожнікі ўбачылі домік лесніка з лазняй, купеллю, дзе весела цурчыць крыніца. Тут пануе атмасфера чараўніцтва, ёсць нават лавачка жаданняў. У зімовы час у гэтым доміку ўсіх наведвальнікаў сустракае наш мясцовы Дзядуля Мароз.

Удзельнічаючы ў экалагічнай гульні “Якая я жывёла?”, дзяўчынкі і хлопчыкі даведаліся шмат фактаў пра жыццё звяроў і птушак, праявілі эрудыцыю і паказалі свае веды.

У рамках адукацыйнага праекта “ШАГ” “Лета – час дзейнічаць. Падарунак сваімі рукамі!” выхаванцы  з прыроднага матэрыялу зрабілі сувеніры для сваіх родных і блізкіх. Скончыўся дзень віртуальнай экскурсіяй “Запаведнымі сцяжынкамі Беларусі”.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: