Непакорная застава і старадаўнія паравозы

Важнае Грамадства

У Беларусі ёсць шмат цікавых мясцін, дзе варта хоць раз пабываць, але ў Год гістарычнай памяці трэба абавязкова наведаць знакаміты гісторыка-патрыятычны комплекс – Брэсцкая крэпасць-герой.

Як расказала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Алена Калюцік, менавіта туды ў сёлетнім жніўні накіраваліся наведвальнікі аддзялення сумесна з членамі раённай арганізацы ГА “БелТІЗ”.

У слаўным горадзе Брэсце асаблівыя людзі змаглі не толькі пазнаёміцца з адной з галоўных славутасцяў сваёй краіны, сцены якой, здаецца, увабралі ў сябе страшныя падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, але і на ўласныя вочы пабачыць легендарную гісторыю гераізму і мужнасці савецкіх салдат, што “застыла” ў манументах, скульптурах і экспазіцыях музея-крэпасці.

– Праходзячы каля пабудоваў цытадэлі, разглядаючы шматлікія экспазіцыі і слухаючы аповеды экскурсавода, кожны з нас нібыта акунуліся ў тую далёкую эпоху, прапусціў яе праз сваё сэрца, усё было вельмі эмацыянальна, цікава. У такія хвіліны, як ніколі, пачынаеш цаніць значнасць подзвігу ваеннага пакалення для нас, сучаснікаў, і важнасць захавання міру на Зямлі, – адзначае Алена Калюцік.

Наступным прыпынкам для асаблівых дзятлаўчан у Брэсце стаў музей чыгуначнай тэхнікі. На прыкладзе яго экспанатаў цікава было паназіраць, як у розныя перыяды развівалася і ўдасканальвалася чыгуначная тэхніка, пакуль перайшла ад ранейшых паравозаў да сучасных электрацягнікоў.

Падарожжа ў Брэст ва ўсіх пакінула самыя станоўчыя ўражанні.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Аленай КАЛЮЦІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga