Эпоха рыцарства прайшла або дзе заканчваецца ліміт жаночага цярпення?

Важнае Здарэнні і бяспека

На працягу многіх стагоддзяў арбалет заставаўся найбольш дакладнай і моцнай персанальнай зброяй дальняга дзеяння.

Забойная сіла арбалета была настолькі вялікая, што яго лічылі бесчалавечнай зброяй, называлі д’ябальскай. Баявыя арбалеты “вымерлі” да сярэдзіны XVI стагоддзя. Даўжэй за ўсё яны трымаліся ў абардажных камандах на флоце, а таксама як штурмавая зброя, эфектыўная пры абароне крэпасцяў.

Такая рэч сёння – рэдкасць. Хутчэй убачыш у музеі, і дакладна – не ў падсобнай вясковай гаспадарцы. Але ў нашым раёне ёсць такі ўладальнік. Прычым, па яго словах, сам змайстраваў арбалет і металічныя балты (так называюцца арбалетныя стрэлы).

Да яго б на экскурсіі хадзіць, але гэтай самаробкай цяпер цікавяцца следчыя органы, бо не па-рыцарску ён планаваў яе прымяніць.

У чарговым сямейным скандале п’яны бытавы садыст паабяцаў сваёй жонцы забіць яе і накіраваўся ў хлеў за арбалетам. Ведаючы, што за страшны прыбор ён сабраўся ўзяць, жанчына з дзецьмі, каб уратавацца, збегла з дому.

Гэта не першы канфлікт у гэтай сям’і, на які прыходзіцца рэагаваць праваахоўнікам. Ці апошні? Ці вычарпаны ў жанчыны ліміт цярпення да дзеянняў агрэсара? Патрабаванні, прэтэнзіі і папрокі, ультыматыўныя заявы, рыданні і крыкі – наўрад ці можна гаварыць тут пра нейкае каханне, усё гэта гіблая глеба для самасцвярджэння. На жаль, у дзетак таксама самыя цёплыя ўспаміны будуць звязаны ніяк не з сям’ёй.

Выяўленне і спыненне бытавых злачынстваў з’яўляюцца адной з формаў прафілактыкі і папярэджання больш цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян. Аднак, праводзіць прафілактыку пры адсутнасці жадання саміх пацярпелых – справа нялёгкая, таму што ў прымірэнні сямейных скандалаў існуюць пэўныя матывы: сумесныя малалетнія дзеці, фінансавае становішча, як правіла, выплата штрафу зноў жа “б’е” па сямейным бюджэце. Шкада, што не многія разумеюць усю важнасць адказнасці за так званыя “невялікія злачынствы”. Беспакаранасць прыводзіць да павышэння самаацэнкі крыўдзіцеля і ўсёдазволенасці яго супрацьпраўных дзеянняў, што ў сваю чаргу можа прывесці да непапраўных наступстваў.

Органы ўнутраных спраў раёна працягваюць нарошчваць намаганні ў процідзеянні сямейна-бытавой злачыннасці. Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі ўзаемадзейнічае з сельскімі і пасялковымі камітэтамі, ініцыіруе частковае абмежаванне ў дзеяздольнасці і пазбаўленне бацькоўскіх правоў дэбашыраў, прымае меры па арганізацыі прафілактычнага назірання за раней судзімымі грамадзянамі, якія адбылі пакаранне за бытавыя злачынствы, устанаўлівае састарэлых грамадзян, што жывуць сумесна са сваякамі, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця. І гэта далёка не ўвесь пералік мерапрыемстваў, які праводзіцца з мэтай папярэджання правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносінаў.

Дарэчы, з 12 ліпеня бягучага года ўступілі ў сілу змяненні ў закон “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, згодна з якімі пашырана кола асобаў, гвалт у дачыненні да якіх кваліфікуецца як хатні; канкрэтызаваны парадак узаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі хатняга гвалту і іх функцый, прымянення ахоўнага прадпісання, апрацоўкі звестак аб фактах сямейна-бытавых здарэнняў і іншае.

P.S. “Рыцар” з арбалетам змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе чакае разгляду яго справы ў судзе.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: