На Дзятлаўшчыне з рабочым візітам пабываў Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук

Галоўнае Улада

На Дзятлаўшчыне з рабочым візітам пабываў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.

– У Беларусі шмат увагі надаецца спорту, наша дзяржава і надалей плануе ўкладваць сродкі ў яго развіццё, асабліва ў дзіцячы спорт, – адзначыў міністр у час знаёмства са спартыўнай базай раёна.

Сяргей Міхайлавіч разам з іншымі членамі дэлегацыі, сярод якіх былі яго памочнік Яўген Залескі, старшыні Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў і Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў, гендырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі” Сяргей Хмялькоў, выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева, начальнік аддзела спорту ўпраўлення Аляксандр Дзярнейка, разам з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігарам Кухарэвічам і загадчыкам сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрыем Ёда наведалі некалькі спартыўных аб’ектаў раёна.

– Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа была заснавана ў 1963 годзе, – расказала дырэктар установы Святлана Лагута. – У розныя перыяды тут працавалі аддзяленні мастацкай гімнастыкі, шахмат, веласпорту, і цяпер засталіся традыцыйныя футболу і лёгкай атлетыкі, у 2012 годзе адкрыта аддзяленне грэка-рымскай барацьбы, у 2017-м – цяжкай атлетыкі.

Зазірнулі госці і на заняткі да трэнера юных цяжкаатлетаў Сяргея Залатарова, які ўмее рыхтаваць паспяховых спартсменаў: сярод іх ёсць майстры спорту Рэспублікі Беларусь, прызёры спаборніцтваў рознага ўзроўню, ацанілі і залу для грэка-рымскай барацьбы, даведаліся, што ўсяго ў ДЮСШ цяпер займаюцца 340 чалавек.

У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава іх віталі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і дырэктар установы Іван Кібінь.

– Сёлета ў школе за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця зроблены рамонт, у тым ліку фасада будынка, дзвюх спатыўных залаў, душавых памяшканняў, – зазначыла Наталля Белаус. – Тут працуюць спартыўныя класы, арганізоўваецца спартыўны летнік, рыхтуецца асноўны малады рэзерв раёна, наладжана ўзаемадзеянне з ДЮСШ. Яшчэ адна адметнасць – мяккае пакрыццё на школьным стадыёне.

Наведалі госці і гарадскі стадыён “Колас”, дзе сустрэліся з трэнерам-выкладчыкам па футболе Дзятлаўскай ДЮСШ Уладзімірам Ганчаром і юнымі футбалістамі.

– Футбол на Дзятлаўшчыне развіваецца актыўна, – адзначыў Сяргей Кавальчук, – аднак вам, дзеці, трэба старацца яшчэ больш, каб сярод вас выраслі футбалісты гродзенскага “Нёмана”, мінскага “Дынама”, салігорскага “Шахцёра”, нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь, каб беларускі футбол быў паспяховы і перспектыўны. Упэўнены, што ў нас ёсць дастойныя маладыя рэзервы, аднак іх трэба заўважыць, навучыць, перадаць у зборныя.

Уладзіміру Ганчару, як трэнеру, які ўмее зацікавіць моладзь футболам, Сяргей Кавальчук уручыў ад Беларускай федэрацыі футбола падарачны гадзіннік, а Дзятлаўскай ДЮСШ – футбольныя мячы і 22 камплекты формы.

Як вядома, сярод відаў турызму на Дзятлаўшчыне перавагу мае лячэбна-аздараўленчы, таму госці раёна не маглі не наведаць яшчэ адну нашу славутасць – санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.

Завяршыла праграму візіту міністра сустрэча са спартыўнай грамадскасцю Дзятлаўскага раёна. У час свайго выступлення Сяргей Міхайлавіч закрануў розныя тэмы, якія тычыліся развіцця спорту і турызму ва ўмовах санкцый, паспяховасці спорту высокіх дасягненняў, фінансавання сферы. Грашовы сертыфікат на суму 5 тысяч рублёў Сяргей Кавальчук уручыў дырэктару Дзятлаўскай ДЮСШ Святлане Лагута на развіццё спартыўнай базы ўстановы. Галоўная думка, якую выказаў міністр, – гэта, што фізкультура і заняткі спортам павінны аб’ядноўваць, кансалідаваць беларускае грамадства, што асабліва важна на сучасным, няпростым этапе развіцця дзяржавы. Сяргей Кавальчук станоўча ацаніў турысцка-спартыўны патэнцыял Дзятлаўшчыны і запэўніў прысутных, што ў бліжэйшыя гады ў Дзятлаве мяркуецца пабудаваць фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.

– Ён павінен быць з невялікім басейнам, залай для гульнявых заняткаў спортам, трэнажорнай і фітнес-заламі. Такія праекты ўжо рэалізаваны ў Астраўцы, Ашмянах, іншых раёнах, на чарзе – яшчэ 7 на Гродзеншчыне, дзе няма такіх аб’ектаў. Усё залежыць ад таго, як будзе працаваць эканоміка краіны.

Напрыканцы дзятлаўчане змаглі задаць свае пытанні міністру і атрымалі на іх кампетэнтныя адказы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: