Песенны сюрпрыз для Віталія Глушкевіча

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Душэўны і цёплы праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжаюць рэалізоўваць на Дзятлаўшчыне работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а гэта значыць, свята можа завітаць да юбіляраў, якія жывуць у маленькіх і вялікіх вёcках нашага раёна.

На гэты раз дарога Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Марыны Варган і Чэслава Свіба ляжала ў Пацаўшчыну, дзе свой 60-ы юбілейны дзень нараджэння адзначаў яе карэнны жыхар Віталій Глушкевіч. Зрабіць сюрпрыз мужу і заказаць для яго “жывую музычную паштоўку” вырашыла яго жонка Галіна Мацвееўна.

Паколькі асабістае свята імянінніка прыпадае на самую прыгожую вясновую пару – калі родныя лугі, палі і лясы “ўбіраюцца” ў свежую сакавітую зеляніну, то і Пацаўшчына сустракала артыстаў квеценню бэзу і лёгкім саладкаватым водарам ландышаў. Ці варта казаць, што для земляка-юбіляра ў іх знайшліся такія ж прыгожыя, як навакольныя краявіды, словы віншаванняў і пажаданняў, вясёлыя душэўныя песні. Віталію Лявонцьевічу яны зычылі моцнага здароўя, радасці і бадзёрасці на доўгія гады, больш сонечных дзён у жыцці і заўсёды заставацца ў акружэнні блізкіх людзей і сяброў, як гэта было ў дзень юбілею.

Віталій Глушкевіч – чалавек просты, як сам прызнаўся, не асабліва ўмее пра сябе расказваць, тым не менш, падзяліўся асноўнымі падзеямі свайго жыцця. Нарадзіўся ён у 1962 годзе, калі Пацаўшчына была даволі населенай вёскай, тут працавала свая пачатковая школа-чатырохгодка, якую і скончыў наш зямляк. Да восьмага класа вучобу прадоўжыў у сярэдняй школе № 2 горада Дзятлава (цяперашняя гімназія № 1), затым у былым Казлоўшчынскім сельскагаспадарчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста і вадзіцельскае пасведчанне. Першым месцам работы для маладога вадзіцеля стала Дзятлаўская сельгастэхніка, затым калгас “Заря”, з 2011 года і па цяперашні час Віталій Лявонцьевіч працуе аператарам кацельні вытворчага ўчастка “Парэцкі спіртзавод” ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Запамінальным момантам біяграфіі былі для яго і гады (з 1980 па 1982) службы ў арміі . Просты беларускі хлопец “з глыбінкі” трапіў служыць вадзіцелем у курортныя мясціны Краснадарскага краю: пабываў на Чарнаморскім узбярэжжы ў горадзе Геленджыку і на ўзбярэжжы Азоўскага мора ў Ейску, падыхаў марскім паветрам, палюбаваўся на магутную водную стыхію, адчуў, якім ласкавым і спякотным бывае паўднёвае сонца. І тым не менш, Віталій Глушкевіч увесь гэты час памятаў дарагую сэрцу прыгажосць беларускіх прастораў, якая, як магніт, вабіла яго дахаты.

Менавіта ў роднай Пацаўшчыне ён знайшоў сваю другую палавінку. Галіна Мацвееўна працавала прадаўцом у мясцовым магазіне, прыгожая, ветлівая, гаваркая, яна запала ў душу і вось ужо шмат гадоў ідзе поруч па жыцці. Разам выгадавалі сына Яўгена, які стаў інжынерам, жыве і працуе ў Гродне, ужо мае сваіх траіх дзяцей. Дачка Глушкевічаў Ірына вывучылася на настаўніцу, жыве ў Баранавічах, два гады таму “падарыла” бабулі і дзядулю двайнятак – хлопчыка і дзяўчынку. Дзеці разам з унукамі часта прыязджаюць у бацькоўскі дом, і тады ён “звініць” маладымі галасамі. Усім “сямейным падрадам” Глушкевічы ўвесну саджаюць агарод і бульбу, восенню збіраюць ураджай. У Пацаўшчыне заўсёды рады гасцям, і не толькі сваякам, але і сябрам. Нездарма Галіна Мацвееўна, якая з’яўляецца яшчэ і старастай гэтай вёскі, па ўласнай ініцыятыве стварыла “музей пад адкрытым небам”: на сцяне дома сабрала багатую калекцыю старадаўніх рэчаў вясковага побыту. Гаспадыня не забараняе наведвальнікам разглядваць сваю экспазіцыю, ахвотна адказвае на пытанні самых цікаўных, таму многія, хто прыязджае ў Пацаўшчыну, не праходзяць міма самабытнага музея.

Віталій Лявонцьевіч таксама лічыць, што забываць свае карані і мясціны, дзе нарадзіўся, нельга, маладому пакаленню юбіляр жадае здароўя, міру і каб заўсёды была ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: