Хто ў сем’ях дбайны гаспадар і на сяле ўладар?

Важнае Культура і адпачынак

Душа радуецца, калі бачыш, наколькі спрытна маладыя гаспадары ўмеюць спраўляцца з вясковымі справамі.

18 чэрвеня на Дзятлаўшчыне ў аграгарадку Дварэц  прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Уладар сяла”. Ён сабраў на адной пляцоўцы 4 маладыя сям’і з дзецьмі, якія жывуць і ўжо больш за тры гады працуюць у сельскай мясцовасці нашага раёна, а таксама вядуць уласную дапаможную гаспадарку. Іх падтрымлівалі родныя, сябры, калегі і госці свята.

Конкурс “Уладар сяла” скіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчых прафесій, захаванне сямейных традыцый, замацаванне моладзі ў беларускіх вёсках і аграгарадках. Арганізатарамі раённага этапу сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённыя камітэты ГА “БРСМ” і прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Зладжанасці і імкнення да перамогі ў час конкурсных заданняў удзельнікам праекта пажадала моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык.

Свята пачалося са знаёмства і конкурсу візітовак. Першай на імправізаваную сцэну выйшла сям’я Царыкаў, якая прадстаўляла КСУП “Дварэц-Агра”: тата Вадзім – дырэктар гэтага сельгаспрадпрыемства, мама Алена – бухгалтар санаторыя “Радон”, у сям’і гадуецца дашкольніца Валерыя — усе яны вельмі творчыя, пра што расказалі ў сваім  відэароліку.

У вершаванай форме была прадстаўлена сям’я Юруць з КСУП “Хвінявічы”: тата Андрэй – будаўнік, мама Вераніка – начальнік паштовага аддзялення аграгарадка Хвінявічы, яны гадуюць дачок Валерыю і Маю, сына Максіма, за хатнія справы любяць брацца разам.

Аб тым, што ў іх доме пануе ўзаемаразуменне і падтрымка, расказала сям’я Крупіцаў з КСУП “Войневічы”. Тата Сяргей – будаўнік, мама Кацярына – настаўніца, яны гадуюць сыноў Кірыла і Максіма.

Акцэнт на сямейных традыцыях зрабілі Памбухчаны, якія прадстаўлялі КСУП “Жукоўшчына”. Тата Уладзімір – ратаўнік, мама Юлія – загадчыца сталовай, іх радасць – Кірыл, Данііл, Дамініка.

Аднак, калі жывеш у вёсцы, трэба не толькі ўмець пра сябе цікава расказаць, але і нарыхтаваць дроваў, нанасіць вады, змайстраваць карысныя рэчы для дома, запрэгчы каня, а таму наступныя выпрабаванні “Дрывасек”, “Сельская спартыўная эстафета”, “Майстар”, “Сіўка-Бурка” паказалі, наколькі сем’і хутка і зладжана спраўляюцца з работай.

У перапынках паміж фізічна цяжкімі заданнямі ўдзельнікаў сямейных конкурсаў і гасцей свята песнямі і добрымі жартамі весялілі артысты Дварэцкага дома культуры Андрэй Добыш, Святлана Венская, Людміла і Аляксандр Баклушыны. А журы паспела ацаніць сямейныя выставы творчасці і кулінарнага майстэрства.

Нарэшце настаў час агучыць вынікі раённых спаборніцтваў. Абсалютным пераможцам і ўладальнікам тытула “Уладар сяла” стала сям’я Крупіцаў з КСУП “Войневічы”, якая адзначана галоўным прызам, дыпломам І ступені і прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе праекта ўжо 29 чэрвеня. На другой ступені п’едэстала аказалася сям’я Юруць з КСУП “Хвінявічы”, “бронза” конкурсу дасталася сям’і Памбухчан з КСУП “Жукоўшчына”, сям’я Царыкаў з КСУП “Дварэц-Агра” заняла ганаровае чацвёртае месца. Усе сем’і-ўдзельніцы атрымалі падарункі ад раённых камітэтаў БРСМ і прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Сям’я Крупіцаў:

– На перамогу, сумленна кажучы, не спадзяваліся, чакалі сур’ёзнай канкурэнцыі. Рыхтаваліся да ўдзелу каля двух тыдняў, стараліся не ўпусціць ніводнага моманту. Самай складанай была “Візітоўка”, бо наш тата не прывык выступаць перад публікай, а фізічных іспытаў не баяліся. Свята атрымалася цудоўным, сапернікі былі дастойныя, нават выпрабаванні пакінулі добрыя ўражанні. Цяпер будзем рыхтавацца да паездкі на вобласць. Гэта хвалююча, але нас падтрымлівае галоўны спецыяліст гаспадаркі Наталля Скібінская, спадзяёмся выступіць як след.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga