Цікавыя сустрэчы ў “Патрыёце”

Важнае Грамадства

Кругласутачны палатачны профільны ваенна-спартыўны летнік “Патрыёт” размясціўся сёлета на пляцоўцы каля Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы.

Яго змена – гэта 22 юнакі, мясцовыя навучэнцы і вучні Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Паколькі хлопцы – будучыя абаронцы Айчыны, выхавальнікі знаёмяць падлеткаў з асновамі ваеннай падрыхтоўкі.

17 чэрвеня ў “Патрыёце” было прысвечана яшчэ і асновам бяспекі жыццядзейнасці і прафілактыцы супрацьпраўных учынкаў у падлеткавым асяроддзі, аб чым юнакам расказалі спецыялісты службаў прафілактыкі раёна.

У ліку гасцей былі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч, які не толькі нагадаў аб мерах адказнасці за супрацьпраўныя паводзіны, як правільна рэагаваць на заўвагі і законныя патрабаванні работнікаў міліцыі, але і паказаў, якімі спецсродкамі і зброяй карыстаюцца праваахоўнікі.

 

Не менш цікавым было выступленне міліцыянера-кінолага групы затрымання ўзвода міліцыі раённага аддзела Дэпартамента аховы Андрэя Жэгаліка, які прыехаў са сваім чацвераногім памочнікам – службовым сабакам. Рэй з гатоўнасцю паказаў, як выконвае каманды ў час службы.

Аб тым, што пачасцілася гібель на вадаёмах, як сябе трэба паводзіць каля вады і як працуе “Летні патруль”, падлеткам расказаў старшыня раённага таварыства ратавання на водах Сяргей Шпакоўскі.

Шчыльным колам каля пажарнай машыны маладыя слухачы абступілі інспектара Дзятлаўскага РАНС Мікіту Кандратовіча, калі ён расказаў ім пра асаблівасці службы, паказваў, як карыстацца спецсродкамі ў надзвычайных сітуацыях. Падлеткі ўпэўніліся, што для гэтага патрэбны сілы і загартоўка.

Прыемнага адпачынку ў “Патрыёце” і на канікулах юнакам пажадалі спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: