Андрэй Садоўскі: “Калі адносіцца сумленна, вынік не прымусіць сябе чакаць”

Важнае Улада

У Мінску з удзелам прадстаўнікоў рэспубліканскіх, абласных і раённых органаў улады прайшоў семінар-нарада.

На ім надзённую тэму “Актуалізацыя метадаў і формаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні” ўзняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Сваім меркаваннем ад форуму падзяліўся старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– Як заўсёды, выступленне кіраўніка дзяржавы было змястоўным і глыбокім. Аляксандр Рыгоравіч закрануў рад праблемных пытанняў, характэрных у рабоце з насельніцтвам і абазначыў задачы на перспектыву.

Ужо тры дзесяцігоддзі Беларусь ідзе шляхам сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, забеспячэння роўных правоў і магчымасцяў для ўсіх сваіх грамадзян, захавання нацыянальных і культурных каштоўнасцяў, традыцыйнага ўкладу жыцця. Усе гэтыя пазіцыі ўнесены ў абноўленую Канстытуцыю нашай краіны, паколькі на іх ёсць адчувальны запыт у людзей, а таму і надалей яны будуць захоўвацца. Якім чынам? Як падкрэсліў Прэзідэнт, на прынцыпах эфектыўнай зваротнай сувязі і даверлівага дыялога ўлады з народам, прычым на ўсіх узроўнях ад мясцовага да рэспубліканскага.

Калі гаварыць пра Дзятлаўскі раён, то ў нас наладжана даволі эфектыўная сістэма такой работы. Папулярнымі формамі ўзаемадзеяння з насельніцтвам, якія дазваляюць даведацца патрэбы, актуальныя праблемы, гарачыя пытанні людзей, у нашым раёне з’яўляюцца выязныя прыёмы, падача пісьмовых і электронных заяваў, прамыя тэлефонныя лініі як кіраўніцтва райвыканкама, так і сельскіх выканаўчых камітэтаў, свае пытанні жыхары Дзятлаўшчыны могуць задаць і на Адзіных днях інфармавання насельніцтва – мы гэта пастаянна анансуем пры выездзе ў калектывы і па месцы жыхарства. У час выбарчай кампаніі і падрыхтоўкі да рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю папулярнасцю карысталася работа дыялогавых пляцовак. Свае сустрэчы з работнікамі прадаўжаюць прафсаюзныя прыёмныя. Надзённая і актуальная інфармацыя са штотыднёвых нарадаў, пасяджэнняў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў друкуецца ў газеце “Перамога” і на сайце выдання. Адным словам, “рычагоў”, з дапамогай якіх мы можам узаемадзейнічаць з насельніцтвам, хапае. Аднак будзем гатовы і да ўкаранення новых формаў, калі яны стануць запатрабаванымі. Разам з тым, хачу прывесці словы Прэзідэнта, што работа са зваротамі людзей павінна быць “супрацоўніцтвам, а не спажывальніцтвам”: улада павінна рабіць для сваіх грамадзян тое, што знаходзіцца ў рамках прававога поля, а там, дзе надыходзіць асабістая адказнасць і абавязак чалавека, мы можам патлумачыць і падказаць яму, а рабіць ужо давядзецца самому заяўніку. Гэта трэба разумець і памятаць.

Што тычыцца грамадзянскіх ініцыятываў і перспектыўных праектаў, то ім заўсёды “зялёнае святло”. Калі прыватны прадпрымальнік ці юрыдычная асоба развівае які-небудзь запатрабаваны кірунак на карысць раёна і яго жыхароў, робіць гэта адказна, не парушаючы заканадаўства, такіх людзей толькі падтрымліваем. Як прыклад разгледзім адкрыццё ў нашым раёне аграсядзібаў і арганізацыю ўласнага бізнесу за кошт дзяржаўнай датацыі – штогод такой магчымасцю карыстаюцца па некалькі ініцыятыўных жыхароў, заручыўшыся дапамогай упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Многія ў гэтым знайшлі сябе і справу свайго жыцця.

Увогуле, калі адносіцца да працэсаў, якія адбываюцца вакол нас, удумліва і сур’ёзна, сумленна працаваць, сачыць за самадысцыплінай, то і вынік не прымусіць сябе чакаць.

Пустыя, нічым не падмацаваныя абяцанні апазіцыйных інтэрнэт-каналаў сёння “растаюць” як дым, людзі пачынаюць разумець, што хаваецца за паняццем “заходняя дэмакратыя” і што грашыма сыты не будзеш, калі няма энергарэсурсаў і прадуктаў харчавання. Безумоўна, улада на месцах, раённыя сродкі інфармацыі і надалей будуць актыўна працаваць над тым, каб наша насельніцтва бачыла рэальную карціну жыцця, а не той падман, якім стараюцца “навадніць” інтэрнэт-прастору. Прэзідэнт правільна сказаў: нам не дадуць спакою, а таму застаецца быць уважлівымі і неабыякавымі да людзей, праўдзіва падаваць інфармацыю і “развенчваць” ілжывыя навіны рэальнымі фактамі. Мы такім чынам будзем абараняць беларусаў у час навязанай нам інфармацыйнай вайны і нядобразычлівай санкцыйнай палітыкі.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: