Што такое базавы рахунак для пенсіі?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

23 верасня 2021 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 363 “Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання”. Нарматыўны дакумент прыняты для павышэння якасці і даступнасці банкаўскіх паслуг і сацыяльнай абароненасці грамадзян.

Якія дадатковыя магчымасці ён дае пенсіянерам, патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

– Галоўная адметная асаблівасць базавага рахунка – магчымасць бясплатна ажыццяўляць асноўныя, найбольш запатрабаваныя аперацыі, у тым ліку разлічвацца за тавары і паслугі ў адзінай разлікова-інфармацыйнай прасторы (ЕРИП) і сетцы Інтэрнэт. З 1 сакавіка 2022 года базавыя рахункі грамадзянам ужо адкрываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы “ААБ Беларусбанк”, “Белінвестбанк”, “Белаграпрамбанк”, “Банк Дабрабыт”.

У статутных фондах гэтых банкаў 50 і больш працэнтаў акцый (доляў) належыць Рэспубліцы Беларусь. У далейшым базавы рахунак можна будзе адкрыць і ў іншых банках, якія прынялі рашэнне аб адкрыцці такіх рахункаў грамадзянам. Указам устанаўліваецца права грамадзян на адкрыццё аднаго базавага рахунка ў банкаўскай сістэме, пры гэтым выбраць банк можна самому. Пенсіянеры такі выбар могуць зрабіць толькі з ліку банкаў, якія заключылі дагавор аб выплаце пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат.

Для фізічных асобаў, якія жадаюць атрымліваць сацыяльныя і прыроўненыя да іх выплаты ў безнаяўнай форме, прадугледжана абавязковае адкрыццё базавага рахунка. Пераход да новай практыкі будзе паступовым – да 1 ліпеня 2025 года. Пры гэтым ужо існуючыя магчымасці па атрыманні сацыяльных выплат у наяўнай форме не абмяжоўваюцца. З 1 ліпеня 2022 года грамадзянам, якія выказалі жаданне (пасля гэтай даты) атрымліваць пенсію праз банк, выплата пенсіі можа ажыццяўляцца толькі на базавы рахунак, на іншыя рахункі – не будзе.

Такое правіла дзейнічае:

– пры прызначэнні ўсіх новых пенсій, пачынаючы з 1 ліпеня 2022 года, а таксама пры аднаўленні выплаты пенсій з гэтай даты (калі пенсіянерам не выбраны іншы спосаб атрымання пенсіі – праз арганізацыю паштовай сувязі);

– незалежна ад даты прызначэння (аднаўлення выплаты) пенсіі, калі пенсіянер у перыяд пасля 1 ліпеня 2022 года выбірае спосаб атрымання пенсіі праз банк (узамен ранейшаму спосабу яе выплаты).

У перыяд з 1 ліпеня 2022 года да 1 ліпеня 2025 года выплата пенсій, якая ажыццяўляецца на бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі, адкрытыя да 1 ліпеня 2022 года (не базавыя), будзе прадоўжана да заканчэння тэрміну дзеяння адпаведнай заявы, але не больш чым да 1 ліпеня 2025 года. Для далейшага атрымання пенсіі праз банк пенсіянеру неабходна будзе адкрыць базавы рахунак або перааформіць бягучы ў базавы. З 1 ліпеня 2025 года, калі пенсіянер не жадае атрымліваць пенсію на базавы рахунак, яе выплата будзе ажыццяўляцца іншым спосабам, прадугледжаным Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, гэта значыць, праз арганізацыю паштовай сувязі. Наяўнасць у пенсіянера базавага рахунка і яго рэквізіты пацвярджаюцца даведкай, выдадзенай банкам, у якім адкрыты базавы рахунак.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga