Не станьце ахвярай тэлефонных махляроў

Важнае Здарэнні і бяспека

У апошнія гады ў Беларусі ўзрасла колькасць тэлефонных махлярстваў.

Найчасцей пацярпелымі ў іх становяцца людзі пажылога ўзросту, аднак пакутуюць і іншыя катэгорыі. Залішняя даверлівасць і цяжкасці ў пераадоленні стрэсавых сітуацый дазваляюць зламыснікам дасягаць злачынных мэтаў.

Распаўсюджаны выпадкі, калі злачынцы тэлефануюць пад выглядам “службы бяспекі” ці “фінансавага маніторынгу” банка, паведамляюць, што па картцы адбываецца падазроная аперацыя, пераконваюць кліента “для выратавання грошай” ажыццявіць дзеянні, у выніку якіх ён добраахвотна паведамляе даныя карткі, даючы злачынцам магчымасць скрасці з яе сродкі. Часам просяць устанавіць на тэлефон “для абароны рахунка” спецыяльны дадатак, які аказваецца праграмай аддаленага доступу, па сродках якой грошы пераводзяцца на рахунак злодзея.

Як правіла, нумары махляроў схаваныя ці належаць аператарам іншых дзяржаў, але выкарыстоўваюцца і праграмы-ананімайзеры, IP-тэлефанія, калі нумары вызначаюцца як афіцыйныя з сайта банка. Трэба ведаць, што сапраўдны супрацоўнік банка ніколі не будзе тэлефанаваць кліенту і запытваць неабходныя даныя, таму называць рэквізіты банкаўскай карткі, паролі і коды доступу, пашпартныя даныя нельга.

Пры паступленні такіх званкоў адразу ж звяртайцеся ў кантакт-цэнтр свайго банка, раскажыце аб сітуацыі, выканайце рэкамендацыі супрацоўніка. Калі зламыснік ужо атрымаў рэквізіты карткі або грошы скрадзены, неадкладна заблакіруйце яе і звярніцеся ў праваахоўныя органы.

Ёсць і больш складаныя схемы: да званкоў ад “банкаўскіх работнікаў” дадаліся званкі з “праваахоўных органаў” з паведамленнем, што спрабуюць скрасці грошы і іх трэба перавесці на “бяспечны” рахунак.

Або “банкаўскі работнік” гаворыць, што на карт-рахунак спрабуюць узяць крэдыт і для захавання грошай трэба заблакіраваць картку і змяніць пароль інтэрнэт-банкінга. Калі пацярпелы на гэта згаджаецца і пацвярджае неабходную інфармацыю, усе яго сродкі знікаюць.

Яшчэ адна схема падману трымальнікаў банкаўскіх картак – паведамленне праз інтэрнэт аб выйгрышы буйной сумы грошай. У час перапіскі “шчасліўчыку” паведамляюць, што выйгрыш будзе пералічаны на карт-рахунак і прапануюць прайсці працэдуру рэгістрацыі на сайце, дзе падмануты пазначае свае прозвішча, імя і імя па бацьку, нумар мабільнага тэлефона, а таксама рэквізіты банкаўскай карткі, з якой на самой справе хутка будуць зняты ўсе сродкі.

У іншым выпадку для “пералічэння” буйной сумы выйгрышу махляры могуць папрасіць заплаціць невялікую “камісію” ці ажыццявіць “замацавальны плацеж”.

Пракуратура Дзятлаўскага раёна нагадвае: каб не стаць ахвярамі махлярства, не варта верыць атрыманай па тэлефоне інфармацыі. Калі званок паступае з незнаёмага нумара ад імя вашага сваяка або праваахоўніка, які паведамляе, што сябар ці блізкі чалавек трапіў у бяду і патрэбны грошы, спыніце размову, бо, хутчэй за ўсё,  махляры скарыстаюцца вашым эмацыйным станам, каб атрымаць патрэбную ім інфармацыю. Без панікі і хвалявання самастойна пастарайцеся звязацца з тым, пра каго ішла размова, даведайцеся, дзе ён знаходзіцца, не перадавайце грошы незнаёмцам.

Нават калі вы высветлілі, што з чалавекам на самой справе ўсё ў парадку, абавязкова паведаміце аб ілжывым званку ў міліцыю.

Віталій ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga