Уладзімір Сіняк: «У кожнага ёсць магчымасць зрабіць добрую справу для людзей і сваёй краіны»

Галоўнае Падзеі Улада

На Дзятлаўшчыне завяршаецца акцыя “Тыдзень лесу-2022”, якая сёлета супала з рэспубліканскім суботнікам. Яна праходзіла ва ўсіх дзевяці лясніцтвах раёна.

Удзел у яе мерапрыемствах прынялі работнікі ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў.

Разам з камандай супрацоўнікаў райвыканкама і дзяржаўных структураў нашага раёна акцыю падтрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк.

Госця павітаў на дзятлаўскай зямлі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Адным з фінальных мерапрыемстваў ляснога марафону стала пасадка змешанага лесу  на выдзеле побач з вёскамі Курпяшы і Баравікі, што ў Ахонаўскім лясніцтве.

–  У акцыі “Тыдзень лесу” прымаю ўдзел кожны год у Дзятлаўскім і Лідскім раёнах. Сёлета яе мерапрыемствы супалі з рэспубліканскім суботнікам, ёсць дадатковы стымул папрацаваць на зямлі. Мы займаемся важнай справай, бо лес – гэта багацце нацыі, чыстае паветра, здароўе. У час такіх акцый у кожнага ёсць магчымасць зрабіць добрую справу для людзей і сваёй краіны, – адзначыў дэпутат.

Гэтым разам высадка лясных культур 2022 года – бярозы і сасны – праходзіла па сістэме “7+3” на плошчы 1,1 гектара. Памочнік ляснічага Сяргей Буйко правёў падрабязны інструктаж, нагадаўшы прысутным, што важна не толькі якасна пасадзіць лес, але і зберагчы ўласнае здароўе, завяршыць работы без траўмаў, таму тэхніка бяспекі – на першым месцы. Майстар лясніцтва Анастасія Буйко сачыла за выкананнем тэхналагічнага працэсу ўкаранення лясных культур. Перад пасадкай яна замочвала карані маладых соснаў у спецыяльным растворы ад шкоднікаў і хваробаў, што паспрыяе добрай прыжывальнасці раслінаў.

Як і штогод, самымі актыўнымі валанцёрамі “Тыдня лесу” сталі прадстаўнікі сістэмы адукацыі раёна – педагогі, вучні і супрацоўнікі аддзела адукацыі райвыканкама. Яго начальнік Наталля Белаус, якая таксама ўдзельнічала ў пасадцы, падзялілася важкімі вынікамі сёлетняй акцыі:

– Прадстаўнікі ўстановаў адукацыі раёна пачалі пасадку лясных культур задоўга да акцыі “Тыдзень лесу-2022”. На сёння сіламі работнікаў адукацыі пасаджана 163 гектары лесу. Акрамя таго, у межах акцыі навучэнцы школ актыўна ўключыліся ў працэс навядзення парадку побач з лясным масівам, прыбиралі тэрыторыю ад смецця і сухастою. У Год гістарычнай памяці дзеці і настаўнікі высадзілі алеі памяці і славы ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны і загінулых землякоў. Усё гэта спрыяе грамадзянска-патрыятычнаму і экалагічнаму выхаванню маладога пакалення, а таксама – прафарыентацыйнай рабоце.

Дзятлаўчане высадзілі больш за 118 тысяч саджанцаў елкі, сасны, бярозы і вольхі, заклалі лясную алею ў Казлоўшчынскім лясніцтве, прыбралі больш за 20 кубаметраў смецця ў лясным масіве.

Свае штрыхі ў “Тыдзень лесу” дадала сама прырода, паслаўшы на дзятлаўскую зямлю спорны дождж, каб прыжываліся і добра падрасталі новыя дрэўцы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: