Захаваць гістарычную памяць – значыць, застацца народам

Важнае Улада

17 сакавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леаніда Адамоніса сустрэлася з калектывам ААТ “Дварэцкі льнозавод”, група старшыні райвыканкама – з работнікамі сферы культуры раёна, намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча – з жыхарамі гарадскога пасёлка Наваельня.

На абмеркаванне былі вынесены пытанні: “Аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Аб сітуацыі ва Украіне”, “Наркаўжыванне як сусветная пагроза. Прафілактыка наркаманіі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Было адзначана, што сёння апаненты з-за палітычных амбіцый “плодзяць” фэйкі аб беларускай гісторыі, скажаюць даўно вядомыя факты. Аб’екты ўздзеяння – нашы каштоўнасці, ідэнтычнасць, гістарычнае права на суверэнітэт. Узнікла неабходнасць вызначаць выразную стратэгію і тактыку нацыянальнай гістарычнай палітыкі, таму сёлетні год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, а 4 лютага кіраўнік дзяржавы падпісаў распараджэнне аб стварэнні рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У абноўленую Канстытуцыю таксама ўвайшлі палажэнні па захаванні гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне.

Для аднаўлення гістарычнай справядлівасці, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі ў сакавіку 2021 года Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа па факце ўчынення ў ваенны і пасляваенны перыяды на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў нацысцкімі злачынцамі і іх памочнікамі генацыду беларускага народа, які не мае тэрміну даўнасці. Створана міжведамасная рабочая група па падліку шкоды, нанесенай БССР дзеяннямі нацысцкіх злачынцаў. Работа камісіі пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па маёмасці дазволіць ацаніць сапраўдны ўрон, нанесены народнай гаспадарцы і запатрабаваць ва ўстаноўленым парадку яго кампенсацыі.

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у студзені 2022 года прыняты Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”, які прызнаны Канстытуцыйным судом адпаведным Асноўнаму Закону Рэспублікі Беларусь.

26 лютага 2021 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджана Дзяржаўная праграма “Увекавечанне памяці загінулых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гг, рэалізацыя якой спрыяе захаванню ваенна-гістарычнай спадчыны, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, выкананню міжнародных пагадненняў у ваенна-мемарыяльнай сферы. Новыя факты і звесткі з крымінальнай справы дазволяць паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпелай ад генацыду, спыніць далейшыя спробы абясцэніць гісторыю.

Наступная тэма была блізкай да папярэдняй па актуальнасці і тычылася сітуацыі ва Украіне.

Трэцяе пытанне – прафілактыка наркаўжывання. Па даных Міністэрства ўнутраных спраў, у 2021 годзе павялічылася колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца пад наглядам наркалагічнай службы рэспублікі, назіраецца значнае павелічэнне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, і ўцягнутых у іх непаўналетніх. Летась да крымінальнай адказнасці прыцягнута 111 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў, большасці з іх пагражае пазбаўленне волі ад 6 да 15 гадоў. У Беларусі наркалагічная дапамога бясплатная, прадугледжана ананімнае лячэнне без пастаноўкі на ўлік.

У нашай дзяржаве ў аснове прафілактыкі і супрацьдзеяння распаўсюджванню наркаманіі – супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, асаблівая ўвага якіх надаецца моладзеваму асяроддзю. На жаль, асноўным рэсурсам для распаўсюджвання наркотыкаў стаў інтэрнэт. Падлеткаў вабіць рэклама аб магчымасцях хуткага, лёгкага, а галоўнае – буйнога заробку, згаджаючыся на які, работнік становіцца для наймальніка расходным матэрыялам. Новая пагроза – рэкламаванне такіх інтэрнэт-магазінаў праз нанясенне графіці, расклейванне сцікераў.

Важную ролю ў супрацьдзеянні падобным выклікам мае сямейнае выхаванне і даверлівыя стасункі з дзецьмі.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: