Недапісаны сшытак або Гісторыя адной трагедыі

Галоўнае Падзеі Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пакуль родныя жывуць побач, нам здаецца, што так будзе заўжды.

За паўсядзённымі клопатамі, работай, неадкладнымі справамі мы найчасцей не звяртаем увагі на неабходнасць захаваць для сямейнага архіва некаторыя важныя факты іх біяграфіі, дзённікавыя запісы, творчыя сачыненні, а потым бывае ўжо вельмі позна.

Так здарылася з недапісаным сшыткам вершаў нашага былога земляка, ураджэнца вёскі Пацаўшчына Сяргея Аляксандравіча Кардаша, які дарослую палову свайго жыцця прысвяціў настаўніцкай дзейнасці, якую пачаў на Дзятлаўшчыне, прадоўжыў у адной са школ горада Слоніма, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру, быў намеснікам дырэктара па вучэбнай часці.

Пасля смерці старэйшага брата яго няпоўныя запісы амаль 8 гадоў захоўвала наша зямлячка, ураджэнка і жыхарка ўсё той жа Пацаўшчыны, Валянціна Белавус (у дзявоцтве Кардаш), якая разам са сваімі блізкімі і суседзямі перажыла трагедыю роднай вёскі – 14 снежня 1942 года.

Сёлета ў студзені Валянціны Аляксандраўны не стала. Разбіраючы рэчы матулі, яе дачка, Святлана Русіна, знайшла стары сшытак, а сваякі патэлефанавалі ў рэдакцыю раёнкі.

– Родныя сцвярджалі, што ў дзядзькі была напісана цэлая кніга ўспамінаў, – расказвае Святлана Яраславаўна. – На жаль, знайсці яе нам не ўдалося. Гэты сшытак вершаў-фактаў з прыпіскай на апошняй старонцы “больш не знайшлі” – усё, што захавалася ў сямейным архіве. Адзіная дачка Сяргея Аляксандравіча, слонімская пісьменніца Ніна Петрашкевіч, защчасна памерла летам 2021 года.

Тым не менш, з вершаваных радкоў і па ўспамінах Святланы Русінай і яе бацькі Яраслава Белавуса, можна зрабіць некаторыя высновы і часткова аднавіць карціну трагічных падзей.

Сяргей Кардаш быў старэйшым сынам у сялянскай сям’і Аляксандра і Марыі Кардашоў, дзе гадавалася яшчэ малодшая дачка Валя, 1934 года нараджэння. “За польскім часам” “жыць было цяжка ў цясноце, з відна да вечара ў рабоце”, таму гаспадар прыняў рашэнне пераехаць ад сваёй да жончынай радні ва ўрочышча Капец – так называлі мясцовасць каля Ліпічанскай пушчы на ўскрайку Пацаўшчыны, дзе “лес з балотам сябравалі”.

“Хоць хаты выгляд быў убогі, але стаяла ля дарогі…” – прадаўжае аповед аўтар верша. Таксама ў сваім творы Сяргей Кардаш узгадвае, што тут было шмат ягад, а грыбы раслі амаль каля парога. Паміж дарогай і хатай з-за балоцістай глебы часта збіралася вада, таму бацька з сынам выкапалі тут саджалку, дзе любілі плаваць гусі, а нярэдка ў спёку і сам Сяргей.

Сяргей Аляксандравіч расказвае ў сваім вершы, што ва ўрочышчы Капец перад вайной стаяла з дзясятак хат. Жылі суседзі дружна, хоць і не заможна, разам “гулялі хрэсьбіны, вяселлі”. Называе і прозвішчы землякоў: Яскельчык, Ёрчык, Вошка, Корда і Кардаш, два Марцінкевічы, Стракоўскі, Маскаль, Індура, Маціеўскі. Сем’і былі вялікія, гадавалася шмат дзяцей. Напрыклад, толькі ў Марцінкевічаў аўтар узгадвае шэсць дзяўчат – Ядзю, Люцю, Яню, Лёнцю, Рэню, Ганну. А Яскельчыкі ўзялі ў сям’ю “за сына” сірату Паўла.

Вялікая Айчынная вайна поўнасцю змяніла выгляд урочышча Капец. Па архіўных даных, згодна з аператыўным загадам начальніка СС і паліцыі Беларусі Готберга аб правядзенні аперацыі “Гамбург”, у снежні 1942 года праведзена карная аперацыя па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і дамах вяскоўцаў. У правядзенні аперацыі прымалі ўдзел літоўскія, латвійскія, украінскія паліцэйскія батальёны.

На Пацаўшчыну немцы і паліцаі “наляцелі” 14 снежня 1942 года. Яны высвятлялі, хто з вяскоўцаў быў звязаны з партызанамі. Замест вобыскаў падпальвалі бліжэйшыя да лесу хаты. Калі ў пажарышчы пачыналіся выбухі ці стрэлы, было зразумела, што ўзрываюцца зброя і патроны, якія хавалі гаспадары, такую сям’ю знішчалі.

У сшытку ўспамінаў Сяргея Кардаша чытаем радкі: “Мы Маціеўскіх не забылі, а немцы іх усіх пабілі, у агонь кінулі, спалілі, адзін тут Янак не паддаўся, пабег у лес і там схаваўся”.

Запіс пракаменціравалі Яраслаў Белавус і Святлана Русіна. Па іх словах, сям’я Маціеўскіх была з 12 чалавек. Іх усіх, акрамя 15-гадовага Янака, які кінуўся бегчы да лесу, забілі і кінулі ў агонь пажарышча. А хлопца на ўзлеску напаткалі дзве кулі, выпушчаныя з аўтамата Латушынскім, які і прывёў у Капец паліцаяў. Янак змог выжыць, дарослым жыў у Маскве. Ён быў лепшым сябрам Сяргея Кардаша, яны тэлефанавалі адзін аднаму.

Наступная сцэна з верша “разварочваецца” каля дома саміх Кардашоў. Сяргей піша: “Мы сечку з бацькам рэзалі ў гумне, пачулі стрэлы мы ў суседа, пабеглі ў хату мы да дзеда”. Немцы з паліцаямі не прымусілі доўга чакаць, хату акружылі, пачуўся загад выйсці і легчы на снег. Сям’я, у чым была, без верхняга адзення пападала на зямлю. Дом ужо гарэў, раптам раздалася аўтаматная чарга. Людзі думалі, што прыйшоў іх смяротны час, аднак фашысты стралялі па сабаку. Паколькі выбухаў на пажарышчы не было чуваць, карнікі разумелі, што Кардашы не захоўваюць зброі, аднак хтосьці са здраднікаў узгадаў, што бацька Сяргея быў лесніком, значыць, можа што-небудзь ведаць пра партызан. Мужчына маўчаў, за што і атрымаў моцны ўдар ад паліцая па твары: “у зубы б’е ён чорным ботам”. Калі хата дагарэла, Кардашоў на падводзе адвезлі ў Дзятлава. Куды дакладна, невядома. Магчыма, гэта была дзятлаўская турма, бо на працягу жыцця Валянціна Белавус (Кардаш), якой на момант трагедыі было 8 гадоў, расказвала сваім блізкім, што тры дні яны правялі за кратамі разам з вялікай колькасцю людзей, затым вярнуліся дамоў жывымі.

Перад тым як вершаваны запіс Сяргея Кардаша абрываецца, чытаем такія радкі: “У вайну наш дзед салдатам быў, у атаку многа раз хадзіў, на вайне здароўе страціў – такога страху ён не бачыў: каб ні за што людзей стралялі, нявінных дзетак забівалі”.

Гісторыі гібелі сем’яў Індураў і Марцінкевічаў, паколькі канцоўка ўспамінаў аўтара сшытка страчана, расказалі Яраслаў Белавус і Святлана Русіна, спасылаючыся на пачутыя ад блізкіх факты.

Па іх словах, сям’ю Марцінкевічаў расстралялі і кінулі ў калодзеж. На той момант дома не аказалася дзвюх дачок Рэні і Ганны Марцінкевічаў, якія выжылі. Пазней Ганна жыла ў Міроўшчыне, яе прозвішча па мужу было Заяц. Гэта ад яе ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна паступіла паведамленне аб няўлічаным пахаванні астанкаў сям’і Індураў (4 чалавекі), якія ў 2008 годзе былі знойдзены сіламі 52-а асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і перапахаваны на старых могілках у Пацаўшчыне.

Сяргей Кардаш пражыў 69 гадоў, яго малодшая сястра Валянціна Белавус – 88 гадоў.

Пасля карнай аперацыі бяздомную сям’ю Кардашоў прытулілі ў сябе Лявончыкі. Разам перажылі Вялікую Айчынную вайну. Пазней пагарэльцы змаглі пабудаваць уласны дом, недалёка ад роднага папялішча. У пасляваенныя гады Кардашы жылі ў нястачы, шмат працавалі. Сваім дзецям Валянціна Аляксандраўна часта расказвала, што ў школу ў Накрышкі хадзіла праз лес басанож у палатнянай кашулі, збірала ягады, каб здаць і зарабіць крыху грошай. Усё яе жыццё прайшло на малой радзіме. Працавала ў магазіне, была ўлікоўцам у калгасе, памочнікам ветэрынарнага доктара, даяркай. Вельмі ганарылася сваім братам, які, нягледзячы на жыццёвыя іспыты, змог вывучыцца і стаць педагогам.

Ірына СТЫРНІК        

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: