Дзелавы панядзелак. Курс на навядзенне парадку

Важнае Улада

Вынікі рэферэндуму, планы будаўніцтва, навядзенне парадку на зямлі, сельскагаспадарчыя клопаты, святочныя даты і мерапрыемствы – гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Неабыякавыя да лёсу краіны

У першую чаргу кіраўнік раёна падзякаваў усім дзятлаўчанам, якія прынялі ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Дзякуючы зладжанаму механізму ўзаемадзеяння рэферэндум быў праведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам без якіх-небудзь здарэнняў.

– Асаблівыя словы падзякі хачу адрасаваць членам камісій па рэферэндуме – працавалі аператыўна і без мітусні, прадстаўнікам праваахоўных органаў, ратаўнікам, якія арганізоўвалі бяспеку, а таксама людзям старэйшага ўзросту – менавіта яны найбольш актыўна ішлі на датэрміновае галасаванне, настолькі людзі неабыякавыя да лёсу краіны, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Старшыня раённай камісіі па рэферэндуме, кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч нагадаў выніковыя лічбы галасавання: у рэферэндуме прынялі ўдзел 16 028 жыхароў раёна або 84,78 % ад уключаных у спісы для галасавання; папраўкі да Канстытуцыі падтрымалі 69,47 % выбаршчыкаў, “супраць” прагаласавалі 12,07 % дзятлаўчан.

Мы не з’яўляемся бакамі канфлікту

Сёння гучыць на кожным кроку тэма падзей ва Украіне. Яна закранае нас, беларусаў, паколькі наш Прэзідэнт прадастаўляе пляцоўку для мірных перагавораў двух братэрскіх народаў: рускага і ўкраінскага. Аднак, сацыяльныя сеткі, месенджары апанавалі фэйкі пра ўдзел беларускіх войскаў у аперацыі ва Украіне, што не з’яўляецца праўдай.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што і ў каментарыях губернатара Уладзіміра Караніка ў час абласной відэаканферэнцыі, якая адбылася напярэдадні, прагучала, што ніводнага ваеннаслужачага Беларусі за межамі нашай краіны няма, нашы войскі не ўдзельнічаюць у канфлікце. Распаўсюджваюць ілжывыя каментарыі сёння тыя, хто са жнівеньскіх падзей 2020 года не пакінуў думкі аб рэваншы, яны шукаюць любы повад, каб перавярнуць, свядома сказіць інфармацыю, пасеяць паніку ў грамадстве.

Прыйшоў час прыбрацца

Сельскія гаспадаркі працягваюць займацца вывазкай арганікі і назапашваннем мінеральных угнаенняў, падкормкай шматгадовых траваў. Шмат увагі сёння надаецца вытворчасці малака – не вельмі добра складваецца сітуацыя ў КСУП “Войневічы” і ААТ “Граніт-Агра”.

Ідзе падрыхтоўка да традыцыйнага вясновага міжраённага (Слонімскі, Дзятлаўскі раёны) аб’езду сельскіх гаспадарак зацікаўленымі службамі і структурамі, які тычыцца кантролю навядзення парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах.

– Ідэальны парадак павінен быць не толькі ў вытворчых памяшканнях, але і на прылеглых тэрыторыях, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Важна сачыць за станам саміх сельскагаспадарчых аб’ектаў, за пад’ездамі да іх, дарогамі, каналамі.

Перад спецыялістамі раённых інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі старшыня райвыканкама паставіў задачу правесці маніторынг увогуле і вызначыць месцы па раёне, дзе неабходна тэрмінова “прыбрацца”.

Іншыя тэмы коратка

Выраблена і прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт дамоў 26 і 28 па вуліцы Перамогі

ў Дзятлаве. Працягваецца рамонт па вуліцы Міцкевіча, 4А ў райцэнтры і былога інтэрната ў Казлоўшчыне. Вызначыцца на перспектыву з планам шматпавярховай забудовы ў Дзятлаве арыенціровачна на 30 кватэр паставіў задачу Андрэй Садоўскі свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку і аддзелу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва.

****

Захваральнасць на каранавірусную інфекцыю і ВРВІ “пайшла на спад”. За тыдзень колькасць новых фактаў захворвання на кавід знізілася з 207 да 66.

****

У раёне зафіксаваны першы выпадак узгарання сухой расліннасці ў аграгарадку Вензавец. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае, што амаль усе травяныя ўзгаранні адбываюцца па віне чалавека, папярэджвае аб катэгарычнай забароне на гэта небяспечнае свавольства.

****

Напрыканцы нарады старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што Міжнародны жаночы дзень, да якога засталося некалькі дзён, – цудоўная нагода, каб павіншаваць усіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, падзякаваць ім за любоў, адданасць сваім сем’ям, руплівую працу. Пажадаў жанчынам Дзятлаўшчыны моцнага здароўя, добрага настрою і здзяйснення ўсіх жаданняў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: