Даюць дарогу насенню

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Перадпасяўная падрыхтоўка глебы – важны этап у сельскагаспадарчым календары.

Культывацыя дазваляе пасля сяўбы лепей прыжыцца ў полі будучаму ўраджаю, забяспечвае закрыццё вільгаці, рыхленне глебы і выраўноўванне яе паверхні з адначасовым падразаннем пустазелля. Усім гэтым цяпер займаюцца аграрыі Дзятлаўшчыны, якія сваёй добрасумленнай працай даюць дарогу першаму насенню.

Так, у КСУП “Войневічы” пачалі культываваць глебу яшчэ ў пачатку тыдня. На 23 сакавіка ў гаспадарцы з 780 гектараў, 200 з якіх адведзена пад пшаніцу, 130 – пад ячмень, 300 – пад кукурузу на зерне, 50 – пад грэчку, 100 – пад зернебабовыя культуры, апрацавана 240. Працягваліся работы па культывацыі паблізу вёсак Горка і Пруд, дзе неабходна апрацаваць 10 і 68 гектараў адпаведна. Варта адзначыць, што ў Прудзе ўжо зроблена больш за 20 гектараў. Рыхтуюць глебу да сяўбы механізатары Дзмітрый Сухецкі, Аляксандр Шулейка і Віктар Загдай. Іх неад’емныя памочнікі МТЗ-1221 і МТЗ-3022 з культыватарамі КПС-6 і КП-9 заўсёды гатовы выйсці на сельскагаспадарчую мяжу і выканаць пастаўленую задачу. Паралельна з гэтым у гаспадарцы прадаўжаюць уносіць мінеральныя ўгнаенні.

Разам з механізатарамі працуюць паляводы. Сярод іх – Іван Жылінскі, Сяргей Нічыпар, Уладзімір Барадзюк і іншыя. Яны збіраюць камяні з поля, тым самым засцерагаючы сельскагаспадарчую тэхніку ад непажаданага “ўраджаю”.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: