У райвыканкаме. Спакойная навагодняя ноч і агранамічныя планы

Важнае Улада

Рабочая нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, якая прыйшлася на першы рабочы дзень у новым годзе, пачалася з віншавання ўсіх прысутных з надышоўшым святам.

Андрэй Уладзіміравіч пажадаў пачаць год з пазітыўных думак і новых перспектыўных планаў, бо, як кажуць навукоўцы, словы і думкі матэрыяльныя. Увогуле абмеркавалі, ці без эксцэсаў прайшлі святочныя дні, сітуацыю ў сельскай гаспадарцы, якая зараз вакцына ад каранавірусу ў наяўнасці ў дзятлаўскіх медыкаў, ці ёсць рабочыя аб’екты ў будаўнікоў і ЖКГ на зімовы перыяд.

У падрыхтоўцы да вясны

Зіма яшчэ нават не ў зеніце, а аграрыі ўжо на ўсю моц рыхтуюцца да вясны. Аграномы “кадзіруюць” плошчы пад яравы сеў. Сёлета ў раёне павялічыцца пасяўная плошча кукурузы, польскія інвестары плануюць пробна сеяць яравы рапс і грачыху.

– Добры задзел зроблены гаспадаркамі па азімых і рапсе, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Цяпер варта не знізіць тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў і не ўпусціць падрыхтоўку насеннага матэрыялу.

Падтрымаць мясцовых будаўнікоў

Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік далажыў на нарадзе, што сярод будаўнічых работ, якія цяпер вядуцца, – ачыстка возера па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Сродкі на гэты аб’ект выдаткаваны, Дзятлаўскае ПМС актыўна ўключылася ў працэс.

– Гэта надзейная арганізацыя, яна сваю задачу выканае, – падкрэсліў старшыня райвыканкама, звяртаючыся да Дзмітрыя Расціслававіча. – Аналізуйце будаўнічыя аб’екты на 2022 год, трэба падтрымаць мясцовых будаўнікоў, “вярстайце” інвестпраграму па ЖКГ. Летась

былі адрамантаваны дзве кацельні, у бягучым годзе гэту работу абавязкова працягнуць, у раёне ёсць яшчэ такія ж аб’екты. Трымайце на кантролі такую важную пазіцыю, як аплата прадпрыемствамі і жыллёва-будаўнічымі спажывецкімі кааператывамі за цеплаэнергарэсурсы.

Вакцынацыя – зрухі ёсць

Напрыканцы снежня ў краіне пачалася вакцынацыя дзяцей супраць COVID-19. Цяпер прышчапіцца могуць дзеці з 12 гадоў – для гэтага бацькам ці законным прадстаўнікам неабходна падпісаць згоду на вакцынацыю. Для дзяцей выкарыстоўваецца інактываваная вакцына кітайскай вытворчасці “Vero Cell”, яе чарговая пастаўка ў наш раён плануецца на бягучым тыдні.

– “Падцягнуліся” па вакцынацыі за мінулы тыдзень некаторыя прадпрыемствы: Дзятлаўскае ПМС, Дварэцкі льнозавод, ЖКГ. Адчуваецца, што там стала актыўна праводзіцца растлумачальная работа, – расказала галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. – У цэлым, на Дзятлаўшчыне фіксуецца зніжэнне колькасці захварэлых на каранавірусную інфекцыю. Большасць хворых – жыхары райцэнтра.

Іншыя тэмы коратка

Да 14 студзеня доўжыцца акцыя “Нашы дзеці”. У ёй ужо прынялі ўдзел практычна ўсе арганізацыі, прадпрыемствы і грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны. Прыемныя сустрэчы з віншаваннямі і падарункамі знаходзяць сваё адлюстраванне на друкаваных старонках і сайце газеты “Перамога”.

****

Па інфармацыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і РАНС, навагодняя ноч на Дзятлаўшчыне прайшла без сур’ёзных здарэнняў і надзвычайных сітуацый.

****

На гэтым тыдні адбудуцца першыя сустрэчы кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства па растлумачэнні і абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: