Рукамі работнікаў і добраахвотнікаў

Важнае Грамадства

Нам падабаецца хадзіць па чыстых вуліцах, гуляць у прыгожых парках, любавацца дагледжанымі клумбамі, адпачываць на адрамантаваных лаўках.

Прадаўжаць пералік можна доўга, але ці часта мы задумваемся, як падтрымліваецца гэты камфорт, ці дапамагаем самі яго ствараць і берагчы?

Мяркую, спыніцца варта на тым, што зроблена ў Дзятлаўскім сельсавеце, населеныя пункты якога знаходзяцца на найменшай адлегласці ад райцэнтра. Значыць, іх выгляд напрамую ўплывае на ўражанне гасцей і турыстаў аб нашым раёне.

У курс мясцовых спраў уводзіць старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі:

Добраўпарадкаванню надаецца шмат увагі, фронт работ вялікі, бо на тэрыторыі сельсавета 32 населеныя пункты, іх адлегласць ад райцэнтра ад 2 да 32 кіламетраў. Значная частка задач па навядзенні парадку на зямлі ўскладзена на сезонных работнікаў зялёнага будаўніцтва сельвыканкама, адчувальную падтрымку тэхнікай, інструментамі, рабочай сілай аказвае сельскагаспадарчы філіял “АграМілк”. Прадпрыемства не толькі зацікаўлена ў прывабнасці ўласных тэрыторый, але і адгукваецца на просьбы сельвыканкама заараць сухую расліннасць, ліквідаваць стыхійныя звалкі, адрамантаваць лаўкі ў цэнтры аграгарадка. Вялікае дзякуй за гэта кіраўніцтву.

Прадаўжаючы размову аб добраўпарадкаванні, адзначу, што летась на баланс Дзятлаўскага сельвыканкама былі перададзены чатыры помнікі ў вёсках Хадзяўляны, Засецце, Апаліна-Басіна, аграгарадку Раклевічы. Мы прывялі іх у належны выгляд: пафарбавалі, выдалілі параснікі, прыбралі лісце. Пэўную дапамогу ў гэтай справе ў парку вёскі Апаліна-Басіна аказалі валанцёры ГА “БРСМ”.

Асобна хачу спыніцца на добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак, якіх у нас 11. Усе яны абсталяваны забетаніраванымі пляцоўкамі для складвання смецця з трохбаковай суцэльнай  агароджай і зручнымі пад’ездамі для тэхнікі. Гэта паспрыяла ліквідацыі стыхійных звалак на саміх пагостах. Варта зазначыць, што людзі заўсёды адносіліся сумленна да захавання памяці продкаў, своечасова наводзілі парадак на магілах родных, прыязджаючы з розных куткоў Беларусі, а вось старыя безгаспадарчыя пахаванні мы ўзялі “пад сваю апеку”. Некаторыя пагосты раней былі вельмі зарослымі, таму прыспеў час “вызваліць” іх ад небяспечных старых дрэваў і густых параснікаў. Шмат работы ў гэтым кірунку зроблена на могілках вёсак Труханавічы, Вянскі, Пацаўшчына, аграгарадка Раклевічы. Дарэчы, на раклевіцкіх засталіся 15 самых праблемных дрэваў. Іх плануем зрэзаць з дапамогай прамысловых альпіністаў. Сіламі добраахвотніка, які дапамагаў нам пры высечцы, тут устаноўлена 60 пагонных метраў драўлянай агароджы з азбеста-цэментнымі слупамі. Спілоўванне дрэваў прадаўжаецца на могілках вёскі Норцавічы, скончыць работы і часткова агарадзіць пагост плануем у наступным годзе.

Яшчэ адзін важны кірунак – знос нежылых струхнелых дамоў. За апошнія дзесяць гадоў на тэрыторыі сельсавета іх ліквідавана больш за 100. Сёлета таксама пасля зносу трох такіх будынкаў у севазварот уключана 0,25 гектара зямлі.

Напрыканцы хачу дадаць, што ўстановы і арганізацыі сельсавета, за якімі замацаваны аб’екты, надаюць належную ўвагу іх добраўпарадкаванню, адгукваецца на прапановы аб навядзенні чысціні і мясцовае насельніцтва.

Пасля размовы з Аляксандрам Маркушэўскім мы наведалі некаторыя населеныя пункты сельсавета, пагутарылі са старастамі.

Галіна Глушкевіч, стараста вёскі Пацаўшчына:

– Нас з землякамі ў свой час вельмі парадавала вестка аб добраўпарадкаванні вясковых могілак, дзе расло шмат старых дрэваў. Цяпер каля 40 з іх выдалены, стала святлей і прыгажэй, асабліва каля царквы. Вельмі ўдзячны сельвыканкаму за адказныя адносіны да справы. Пасля высечкі прыбіраць на магілах родных намнога лягчэй, стала менш лісця і смецця, гэта адзначаюць усе вяскоўцы. Людзі і самі зацікаўлены ў навядзенні чысціні каля мясцовых святыняў: мы рэгулярна збіраем грошы для ўпрыгажэння паклонных крыжоў у Пацаўшчыне, двойчы афарбоўвалі бетонную агароджу на могілках, пафарбавалі ганак у храме. Чысціню ў царкве падтрымліваем мы з Ганнай Юшкевіч, каб землякам і гасцям было прыемна сюды прыходзіць.

Сама я вельмі люблю родны куток, стараюся захаваць яго гісторыю і традыцыі, таму сабрала невялікі музей бытавых рэчаў пад адкрытым небам. Своеасаблівай экспазіцыяй могуць палюбавацца ўсе, хто праходзіць ці праязджае міма. Задумка ўзнікла, калі ў Пацаўшчыне разбіралі струхнелыя дамы. Ад ранейшых гаспадароў заставаліся старадаўнія прылады працы. Я пачала іх прыносіць і размяшчаць на свабоднай сцяне будынка – вось і ўвесь сакрэт вясковага “аб’екта культуры”. Радуе, што людзям тут цікава.

Іван Пятраш, стараста аграгарадка Раклевічы, вёсак Заполле, Курпешы:

– Мясцовыя жыхары заўсёды зацікаўлены ў падтрыманні парадку, гэта відаць і па тым, як яны клапоцяцца аб уласных падвор’ях. Могілкі, наогул, месца святое. У памінальныя дні прыбраць на пахаваннях сваякоў, памаліцца за іх прыязджаюць выхадцы з гэтай мясцовасці, якія цяпер жывуць у розных гарадах краіны. Безумоўна, станоўчыя змены на раклевіцкім пагосце яны адразу заўважылі: больш тут няма старых соснаў, з якіх сыпалася ігліца, а галіны пагражалі пашкодзіць помнікі.

Што тычыцца аграгарадка Раклевічы, то ўсе мясцовыя арганізацыі – сельгасфіліял, клуб, школа, паштовае аддзяленне, ФАП, магазін – рэгулярна прымаюць актыўны ўдзел у суботніках і месячніках па навядзенні парадку. Сачыць за чысцінёй на сваёй зямлі – гэта ўжо традыцыя, лішні раз нагадваць пра яе людзям не даводзіцца.

Падводзячы вынікі рэйду “па парадку”, можна зрабіць выснову, што прыгажосць аб’ектаў і населеных пунктаў раёна залежыць не толькі ад спецыялістаў адказных службаў і камунальных работнікаў, але і ад гатоўнасці кожнага з нас узяцца за венік, граблі, малаток ці газонакасілку. Нават уборка невялікага ўчастка, ці паперка кінутая не пад ногі, а ў сметніцу, прыемна дапоўняць агульную карціну чысціні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: