Альбіна Іваноўская: “Хто працуе, той здароўе гартуе”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

З цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны нас прадаўжае знаёміць праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіраваліся па сакрэты даўгалецця ў вёску Змяёўцы да мясцовай доўгажыхаркі Альбіны Іваноўскай, якая сёлета сустрэла сваю 90-ю восень.

Парадаваць шаноўную юбілярку вырашыла і надвор’е: супакоіліся зацяжныя дажджы, на якія выдаўся багатым сёлетні верасень. Імянінніца сустрэла Ганну Харлінскую, Ірыну Бакшук, Марыну Варган на падворку свайго дома, дзе напярэдадні яе асабістага свята дружна зацвілі прыгожыя рознакаляровыя вяргіні – традыцыйныя вераснёўскія кветкі беларускіх вёсак.

Не паспелі артысты сказаць свае пажаданні, як каля падворка Альбіны Браніславаўны спынілася яшчэ адна машына: павіншаваць імянінніцу з адметнай датай прыехалі сын Віктар Іваноўскі і ўнучка Наталля Крыловіч. Атуленая пяшчотай родных людзей бабуля прымала шчырыя пажаданні артыстаў, дзялілася ўспамінамі і асабістымі сакрэтамі даўгалецця.

На свет яна з’явілася ў Змяёўцах у верасні 1931 года. Калі дзяўчынцы споўнілася 8 гадоў, памерла маці, пакінуўшы на мужа сямёра дзяцей, малодшаму з іх было 6 гадоў. Браніслаў Андрэевіч Дорда (так звалі бацьку) разумеў, што аднаму яму ўсіх на ногі не паставіць, таму ў хуткім часе зноў ажаніўся. Мачаха Альбіны, Мальвіна Лук’янаўна, была добрай, разважлівай жанчынай, дзетак мужа не крыўдзіла, таму дзяўчынка называла яе “мамай”, дапамагала гадаваць чатырох родных дзяцей.

Размеранае жыццё сям’і парушыла Вялікая Айчынная вайна. На работу ў Германію немцы “пагналі” дзвюх старэйшых сясцёр Альбіны – Сабіну і Ганну. Тры гады яны правялі на чужыне, але вярнуліся дамоў і пражылі доўгае жыццё.

У гады акупацыі ў Змяёўцах, на ўзгорку за вясковай вуліцай, знаходзіўся штаб адной з нямецкіх часцей, у бліжнім ляску былі выкапаны акопы. Аднак гэта не палохала вясковых мужчын, некаторыя з якіх падаліся ў партызаны.

Муж Альбіны Браніславаўны, Рычард Сцяпанавіч, часта расказваў дзецям, як трынаццацігадовым падлеткам ад дзядзькі-партызана атрымаў заданне – даведацца ў немцаў карысную інфармацыю. Разам з яшчэ двума сябрамі Рычард пайшоў у штаб выменьваць яйкі на бляшанкі ад цукерах (іх вясковыя падлеткі выкарыстоўвалі для гульняў). Падгадаўшы момант, хлопчыкі скралі ў фашыстаў карту, афіцэрскі корцік і пісталет. Потым, калі ворагі выявілі прапажу, яны не на жарт раз’юшыліся, збіраліся пакараць вяскоўцаў. Аднак воля Бога была іншай: ад нямецкага камандавання прыйшоў загад тэрмінова рушыць у дарогу, і фашысты пакінулі населены пункт. А вось “трафеі” падлеткаў засталіся тут. Корцік сям’я Іваноўскіх знайшла, калі пілавалі старую грушу, а за пісталет бацьку пасля вайны ледзь не асудзілі, добра што даказалі факт пра партызанскі загад.

Сыну Віктару Рычардавічу запомнілася яшчэ адна, больш сумная гісторыя аб гібелі яго стрыечнага дзеда. Пры вызваленні тэрыторыі Беларусі ў адной з хат у Змяёўцах адзначыць Перамогу сабраліся партызаны. На бяду міма праходзілі 9 фашыстаў, якім удалося вырвацца з акружэння. Яны ўбачылі застолле, дзе адзін з мужчын сядзеў у ваеннай форме. У яго немцы выпусцілі дзве апошнія кулі, адна з іх забіла партызана. Баявыя сябры тут жа адпомсцілі – “палажылі” ўсіх ворагаў.

Пасля заканчэння вайны жыццё пачало прыходзіць у нармальнае русла. Вяскоўцы шмат працавалі, аб’ядноўваліся ў калгасы. У мясцовую гаспадарку імя Чапаева ўладкавалася і Альбіна, тры гады маладая дзяўчына была звеннявой, затым перайшла ў жывёлагадоўлю.

– Дзесяць гадоў я ўручную даіла 16 кароў, – успамінае тыя часы доўгажыхарка. – Нам, даяркам, самім даводзілася насіць ваду з саджалкі, асабліва складана было зімой, калі трэба было штодзень прабіваць лёд. Але мы з жанчынамі спраўляліся, я нават была ў ліку перадавікоў, неаднаразова атрымлівала ўзнагароды.

Потым са стрыечнай сястрой мы працавалі на цялятніку. Падвозчыка не было, касіць і грэбці траву ездзілі самі. Калі ж у нашым калгасе пабудавалі свінарнік, я перайшла працаваць туды.

Будучы муж і аднавясковец Рычард Іваноўскі запрыкмеціў Альбіну на вясковых танцах. У хуткім часе зрабіў прапанову рукі і сэрца гэтай дваццацігадовай прыгажуні і стараннай работніцы. Сам Рычард Сцяпанавіч быў электрыкам, кажуць, што ў Міклашах і Змяёўцах амаль у кожным доме праводка зроблена яго рукамі, да яго ж звярталіся землякі, калі псаваліся радыёпрыёмнікі і тэлевізары.

Рычард і Альбіна Іваноўскія выгадавалі траіх дзяцей, на жаль ні самога гаспадара, ні старэйшай дачкі Галіны ўжо няма ў жывых. Затое бабулю Альбіну радуюць 9 унукаў і 16 праўнукаў. Сын Слава цяпер жыве ў Кіеве, на Радзіме бывае рэдка, затое Віктар стараецца як мага часцей наведваць матулю. Па добрай традыцыі Іваноўскія збіраюцца разам на Каляды і Вялікдзень. Бабуля вельмі радуецца, калі ў яе хаце пануе перадсвяточная мітусня і звіняць дзіцячыя галасы. Калі ж дарагія госці ад’язджаюць, – сумуе. Аднак час прабягае за будзённымі клопатамі, набліжаючы кожную новую сустрэчу з блізкімі. Альбіна Браніславаўна і ў шаноўным узросце стараецца многае рабіць сама, нават даглядае агарод.

– Хто працуе, той здароўе гартуе, – сцвярджае юбілярка і лічыць працавітасць адным з сакрэтаў уласнага даўгалецця.

Таксама імянінніца ўпэўнена, што жыццё падаўжаюць простыя сялянскія стравы, свежае паветра і стасункі з людзьмі. Яна мала глядзіць тэлевізар, затое кожны дзень сустракаецца з суседзямі і вельмі ўдзячна ім за падтрымку.

Маладому пакаленню дзевяностагадовая юбілярка жадае больш працаваць, часцей задумвацца пра будучыню, пражыць доўгае і цікавае жыццё.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga