“Мікст-сезон”. Каранавірус і грып – падвойная пагроза

Важнае Грамадства

Сезон уздыму захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып будзе абцяжараны каранавіруснай інфекцыяй. Як знізіць рызыку заражэння вірусамі, якая карысць ад прышчэпак? Гаворым пра гэта з галоўным доктарам Дзятлаўскага райЦГЭ Аленай Шайбак.

– Каранавірус набірае абароты. У той жа час пік “звычайных” сезонных прастуд (ВРВІ) і грыпу таксама “на падыходзе”. Ці можна заразіцца “COVID-19” і прастуднымі вірусамі адначасова?

– Пік сезонных вірусаў часцей за ўсё прыпадае на снежань, перыяд захворвання на грып – канец студзеня – пачатак лютага. На каранавірус людзі хварэюць пастаянна. Адпаведна, на каранавірусную інфекцыю можа “накласціся” ВРВІ або грып. Грып і каранавірус у нечым падобныя, абедзве інфекцыі могуць даць сур’ёзныя ўскладненні, перш за ўсё на дыхальную і сардэчна-сасудзістую сістэмы, ныркі. Ёсць даныя, што рызыка смяротнасці пры адначасовым захворванні павялічваецца ў 17 разоў.

– Алена Вячаславаўна, наколькі прышчэпка надзейная як абарона ад інфекцый і вірусаў?

– Надзейная, яе складана пераацаніць. Ёсць медыцынская статыстыка, якая яскрава паказвае карысць прышчэпкі. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч апелюе да даных нашых і міжнародных мультыцэнтравых даследаванняў: шпіталізацыя вакцынаваных у 29 разоў меншая, чым непрышчэпленых. Таму мы ўсімі сіламі будзем рэкамендаваць вакцынавацца тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў.

У гэтым годзе пачалася вакцынацыя ад грыпу раней традыцыйных тэрмінаў у сувязі з неспрыяльнай эпідсітуацыяй па COVID-19. Пасля прышчэпкі павінен прайсці пэўны час – мінімум два тыдні, каб у арганізме выпрацаваліся антыцелы, сфарміраваўся ўстойлівы імунітэт супраць грыпу. Толькі пасля гэтага чалавек будзе гатовы сустрэць хваробу ў поўным узбраенні.

– Якія вакцыны выкарыстоўваюцца ў гэтым сезоне?

– На дадзены момант у арсенале Дзятлаўскай бальніцы расійская вакцына “Грыпол Плюс” супраць грыпу. У папярэднія гады яна сябе добра зарэкамендавала. Вакцына ўтрымлівае актуальныя антыгены да штамаў віруса грыпу А — H1N1 і H3N2 і грыпу В. Вакцыны “Vero Cell” кітайскай вытворчасці і “Спутник V”, вядомая таксама пад назвай “Гам-КОВИД-Вак”, расійскай вытворчасці – супраць COVID-19. Пасля завяршэння вакцынацыі грамадзяне, якія жадаюць выехаць за мяжу, могуць на платнай аснове ў паліклініцы атрымаць “сертыфікат аб вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19”.

– Алена Вячаславаўна, сярод “антыпрышчэпачнікаў” існуе меркаванне, што прышчэпка аслабляе наш імунітэт.

– Казаць пра тое, што прышчэпка зніжае імунітэт, можа толькі чалавек вельмі далёкі ад імуналогіі. Вакцынацыя садзейнічае выпрацоўцы спецыфічных і неспецыфічных антыцелаў супраць пэўнай інфекцыі. Узмацняецца і агульны імунны фон. Таму мы рэкамендуем своечасова прышчапляцца ад грыпу і не ігнараваць вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі. Паўтаруся: непрышчэпленыя людзі хварэюць цяжка, з дрэннымі зыходамі. А вакцынаваны чалавек, нават калі ён заражаецца, то хварэе лёгка і без цяжкіх ускладненняў.

– Прышчэпкі не даюць 100 % гарантыі, што ты не захварэеш?

– Так. Але баяцца варта не саміх хваробаў, а іх цяжкіх ускладненняў. Адно з найбольш распаўсюджаных – цяжкая форма пнеўманіі, ад якой, на жаль, гінуць людзі. Таму прышчэплены чалавек абаронены найперш ад ускладненняў.

– Як наконт міфаў пра прышчэпкі?

– Міф № 1 – “я прышчапіўся і ад гэтага захварэў”. Супраць грыпу і каранавірусу выкарыстоўваюцца інактываваныя вакцыны, якія не могуць выклікаць захворванне. Такая сітуацыя магчымая, але яна звязана з тым, што чалавек заразіўся раней і ў момант прышчэпкі знаходзіўся ў інкубацыйным перыядзе.

– Пра звычайныя меры прафілактыкі прастудных захворванняў нагадаем?

– Безумоўна. Карысць здаровага ладу жыцця ў цэлым відавочная. У перыяд абвастрэння эпідсітуацыі трэба аддаваць перавагу якаснаму харчаванню, выконваць водны баланс, варта арганізоўваць аптымальны рэжым бадзёрасці, сну і адпачынку, разумнай фізічнай нагрузкі, не забываць пра прагулкі на свежым паветры. Самае галоўнае, каб усе зразумелі: наша здароўе ў першую чаргу залежыць ад нас саміх, і мы самі павінны пра сябе паклапаціцца.

– На што вы хацелі б звярнуць увагу жыхароў раёна?

– Зараз людзі ўсё часцей сталі ігнараваць элементарныя меры абароны ад кавіднай інфекцыі: многія не носяць маскі ў грамадскіх месцах, што выклікае занепакоенасць, бо каранавірус зноў “ідзе ў наступленне”. Рэспіраторны этыкет ніхто не адмяняў. Нагадаю, што з 9 кастрычніка ў Беларусі ўведзены абавязковы масачны рэжым. Грып, як і каранавірус, перадаецца паветрана-кропельным шляхам, таму неабходна насіць маскі ў калектывах, грамадскіх месцах, захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Абавязкова трэба карыстацца антысептыкамі для рук: кантактавы шлях перадачы віруса таксама можа быць. Гэтага нельга выключаць.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: