Гладкай дарогі!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Роўныя гасцінныя аўтадарогі з дагледжанымі ўзбочынамі ўжо даўно сталі адной з адметнасцяў Беларусі.

Гэты факт таксама адзначаюць турысты і госці Дзятлаўшчыны. А дарожныя рабочыя раёна ва ўсе сезоны клапоцяцца аб тым, каб аўтамабілісты і пасажыры ехалі да нас з камфортам і задавальненнем.

Маленькіх справаў не бывае, слушна лічаць работнікі дарожнай галіны. Таму яны не толькі будуюць і рэканструіруюць дарогі, але і праводзяць бягучы “касметычны” рамон і догляд.

Да надыходу зімы, якая ўжо не за гарамі, ідзе рамонт асфальтавага пакрыцця на аўтадарогах Дзятлаўшчыны. Пад кіраўніцтвам майстра трэцяга ўчастка Мікалая Крупіцы працуе брыгада ў складзе дарожных рабочых Сяргея Бараноўскага і Рамана Занімонскага, якім дапамагаюць трактарысты Віктар Туровіч і Аляксандр Карэнка. Робяць усё хутка, дакладна і без лішніх словаў, як прывыклі за гады працы ў камандзе.

– Што будзеце рабіць, калі закончыцца летні сезон? – пытаюся ў Мікалая Аляксеевіча.

– Мы актыўна працуем увесь год, – тлумачыць суразмоўца. – Восенню і вясной – рамонт аўтадарог, падрыхтоўка да зімы (устаноўка вешак і дадатковых знакаў, снегазатрымліваючых шчытоў), узімку – расчыстка ад снегу, а летам – абкошванне ўзбочынаў.

Праца нялёгкая, але работнікі дарожнай галіны зжыліся з ёй, палюбілі і цяпер не прамяняюць ні на якую іншую.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga