Валерый Петрыкевіч: “Бліжэйшай за Дзятлаўшчыну для мяне зямлі няма”

Важнае Культура і адпачынак

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася імпрэза з нагоды 75-годдзя ветэрана педагагічнай працы, краязнаўцы Валерыя Петрыкевіча.

Павіншаваць імянінніка сабраліся прадстаўнікі ўстановаў культуры і адукацыі, былыя калегі, вучні, сябры.

Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева паабяцала, што сустрэчы з нагоды юбілеяў і адметных падзей жыцця краязнаўцаў раёна стануць добрай традыцыяй для музея, бо гэта людзі-энтузіясты, якія дапамагаюць адкрываць новыя цікавыя старонкі гісторыі краю. Яна пажадала імянінніку здароўя, шчасця, творчых поспехаў і падарыла каталог работ вядомага земляка мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага.

– Вы для нас прыклад чалавечнасці, дабрыні, чуласці, адданасці добрым справам, лепшы сябар Дзятлаўскага музея. Да вас можна звярнуцца з любым пытаннем, – зазначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Абрамчык.

У сваім віншаванні яна прачытала ўласны верш, прысвечаны Валерыю Петрыкевічу, што напісала яшчэ ў тыя часы, калі імяніннік працаваў настаўнікам фізкультуры ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава. У гэтай навучальнай установе Валерый Міхайлавіч настаўнічаў з моманту яе адкрыцця і да выхаду на заслужаны адпачынак, таму павіншаваць педагога-ветэрана прыйшлі цяперашнія навучэнцы школы.

Цёплыя пажаданні Валерыю Петрыкевічу, як частаму наведвальніку і ініцыятару многіх літаратурных сустрэч, адрасавалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі, зычылі творчага натхнення, даўгалецця, добрых людзей на жыццёвым шляху. Віншавальныя вершы свайму даўняму сябру прачытаў паэт са Слоніма Сяргей Чыгрын. Ад імя ветэранскай педагагічнай арганізацыі раёна і былых калегаў Валерыя Міхайлавіча павітала намеснік старшыні аб’яднання Яўгенія Савань. Яна расказала, што ведае імянінніка больш за паўстагоддзя, ён і яго сям’я заўсёды былі шчырымі, сардэчнымі людзьмі, прыкладам чалавечнасці для іншых.

Павіншавалі свайго любімага трэнера і былыя вучні, якім Валерый Петрыкевіч у свой час прывіваў любоў да фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця. Найлепшыя пажаданні для імянінніка прагучалі ад краязнаўцаў раёна Міхаіла Лук’янчыка і Фёдара Красюка (ён прадоўжыў справу бацькі Валерыя Міхайлавіча, Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, стваральніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея). Было адзначана, што ад бацькі імяніннік пераняў такія рысы характару, як апантанасць любімай справай і літаратурныя здольнасці, нездарма сёлета, у год 75-годдзя Валерыя Петрыкевіча, павінен выйсці зборнік яго артыкулаў, якія раней друкаваліся ў перыядычных выданнях.

Дзятлаўская паэтка, ветэран педагагічнай працы Раіса Лакіза расказала, што ведае Валерыя Міхайлавіча як добрага настаўніка, мудрага чалавека, краязнаўца, які пастаянна знаходзіцца ў дарозе да новых адкрыццяў. Яму Раіса Уладзіміраўна прысвяціла адзін са сваіх вершаў, а таксама прачытала радкі Віталя Салаухіна, што на яе думку, найбольш ярка характарызуюць імянінніка: “Чалавек, які любіць прыроду, любіць свой край і вывучае яго, кепскага ніколі зрабіць не можа”.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ЦСАН Дзятлаўскага раёна Галіна Касцюк, віншуючы імянінніка, узгадала, як у 70-х гадах яе равеснікі-хлопцы пад кіраўніцтвам Валерыя Петрыкевіча станавіліся пераможцамі “Залатой шайбы”, актыўна сплаўляліся на байдарках. Галіна Эдвардаўна выказала ўпэўненасць, што наперадзе ў імянінніка яшчэ шмат добрых спраў на карысць Дзятлаўскага раёна і землякоў.

Музычны падарунак – песні ўласнага сачынення пад гітару прагучалі ад Алены Абрамчык. Свой верш прачытаў Міхаіл Лук’янчык.

Валерый Петрыкевіч шчыра падзякаваў гасцям за цёплыя словы і пажаданні. Узгадаў некаторыя старонкі сваёй біяграфіі і падкрэсліў, што наш раён, дзе ён жыве шмат гадоў, даўно стаў для яго другой радзімай.

– Бліжэйшай за Дзятлаўшчыну для мяне зямлі няма, – зрабіў выснову Валерый Петрыкевіч.

Падарункі, кветкі, сяброўскае чаяванне завяршылі сустрэчу.

Ірына СТЫРНІК         
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga