Дзятлаўчане наведалі ўнікальны музей “Цягнік Перамогі”

Важнае Грамадства

19-20 чэрвеня на чыгуначным вакзале ў Гродне знаходзіўся ўнікальны перасоўны музей “Цягнік Перамогі”, які ўяўляе сабой інтэрактыўную экспазіцыю, прысвечаную подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, створаную на базе вагонаў выставачна-лекцыйнага комплексу.

У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай і Расійскай чыгункамі пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта ў рамках Года народнага адзінства і 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У суботу 19 чэрвеня “Цягнік Перамогі” наведалі тры дзясяткі навучэнцаў школ і гімназіі горада Дзятлава разам з педагогамі. Нашы землякі з задавальненнем падзяліліся атрыманымі ўражаннямі.

Алена Шпакоўская, настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– Уражанні глыбокія. Хацелася б, каб такіх праектаў было больш – выдатная форма работы. Праз усе вагоны нас “суправаджаў” аўдыёгід, пэўныя сцэны дэманстраваліся на вялікіх экранах, у вагонах былі штучныя фігуры людзей, таму адчувалася поўнае пагружэнне ў тагачасную рэчаіснасць.

Пачатак экспазіцыі будаваўся на кантрасце: расказвалася, якімі былі даваенныя пасажыры, як яны з сем’ямі ездзілі на рыбалку, па грыбы, адпачывалі на прыродзе. Усё змянілася з пачаткам вайны: твары людзей сталі трывожнымі, напружанымі, а ў іх руках былі не вуды і кошыкі, а зброя і харчовыя прыпасы. Адзін з вагонаў цягніка-музея прысвечаны абаронцам Брэсцкай крэпасці. Да глыбіні душы кранаюць надпісы на сценах: “Паміраем, але не здаёмся”. Мне, як настаўніцы біялогіі, асабліва цяжка было наведваць экспазіцыю, якая расказвала пра канцэнтрацыйныя лагеры і іх ахвяраў, вельмі балюча бачыць фігуры хворых, замучаных дзяцей. З асаблівым гонарам слухала пра тое, што савецкая жанчына Зінаіда Ярмольева ўпершыню ў СССР вырабіла пеніцылін, які ў час вайны ўратаваў сотні тысяч жыццяў. Пра тое, што наш зямляк, двойчы Герой Савецкага Саюза, маршал Канстанцін Ракасоўскі, які нарадзіўся ў Мінскай губерні, “паставіў” танкі на лыжы, тым самым даўшы баявым машынам магчымасць рухацца па балоцістай мясцовасці, што паскорыла вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра тое, што савецкі акадэмік Ігар Курчатаў яшчэ ў 1942 годзе пачаў работу над атамным праектам, а пазней ён адным з першых прапанаваў выкарыстоўваць атамную энергію ў мірных мэтах. Даведаліся, што ў час вайны па чыгунцы курсіравалі лазнева-пральныя вагоны і вагоны-шпіталі, пачулі шмат іншай цікавай інфармацыі. Нашы навучэнцы, а гэта былі ў асноўным васьмі- і дзевяцікласнікі, пакідалі “Цягнік Перамогі” ўражаныя, сцішаныя. Было відаць, што кожны з іх асэнсоўвае атрыманую інфармацыю і думае пра штосьці сваё.

Аляксандр Якаўчык, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– “Цягнік Перамогі” аформлены прыгожа і па-сучаснаму. Штучныя фігуры вельмі падобныя да людзей, таму ўражваюць да глыбіні душы. Аповед ідзе ад першай асобы: машыністка расказвае пра сябе, сваю сям’ю, тыя сцэны і падзеі, за якімі яна назірала ў цягніку. Кожны вагон адрозніваецца ад іншых сваёй атмасферай, тэматыкай, гукамі, нават пахамі. Страшна было ўбачыць вагон-канцлагер, змучаных, закатаваных людзей. Асабліва выглядае вагон, экспазіцыя якога прысвечана ваенным баталіям. Замест вокнаў там экраны і 3D-кампазіцыі, адчуваецца грукат колаў, штуршкі – узнікае поўнае ўражанне, што цягнік імчыць праз палі бітваў, а ты за ўсім гэтым назіраеш.

Наведаўшы “Цягнік Перамогі”, чалавек знаёміцца з ваеннай гісторыяй не проста як з каляндарнымі датамі і сухімі фактамі, а прапускае тыя страшныя падзеі праз сваё сэрца, акунаецца ў ваенную мінуўшчыну. Па дарозе дахаты мы з сябрамі яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае. Я жадаю сваім равеснікам больш сур’ёзна задумвацца над падзеямі гісторыі, асабліва Вялікай Айчыннай вайны, а калі з’явіцца магчымасць, абавязкова наведаць “Цягнік Перамогі”.

Данііл Івашэвіч, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– У “Цягніку Перамогі” мне спадабалася ўсё, пачынаючы ад знешняга выгляду музея на колах, заканчваючы яго экспазіцыямі. Вельмі ўразілі штучныя фігуры пасажыраў: на нейкі момант здалося, што гэта жывыя акцёры. Усё дэталёва прадумана, мы нават адчувалі штучны вецер, усё было вельмі натуральным. Чамусьці найбольш мяне ўразіў вагон-лазня з душавымі кабінкамі. Магчыма, так сталася, бо мы звычайна не задумваемся пра ваенны быт, не ўяўляем, якое шчасце было тагачасным салдатам трапіць у такую перасоўную лазню і памыцца.

Сваімі ўражаннямі дома я падзяліўся з бацькамі, расказаў усё, што ўбачыў, паказаў фотаздымкі. Прыемна, што мне пашчасціла пабыць у гэтым незвычайным музеі. Чым ён асабліва прыцягвае? Сваёй ультрасучаснай ідэяй. Музей-цягнік – гэта тая ўстанова, якая сама можа прыехаць да жыхароў любога населенага пункта, дзе ёсць чыгунка. Думаю, гэта не толькі цікава, але і вельмі зручна.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ