Непахісная і самадастатковая беларуская нацыя і дзяржаўнасць

Важнае Грамадства

7 чэрвеня 2021 года згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі заснавана дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства, якое будзе адзначацца 17 верасня.

82 гады таму гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР умацавала тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, спрыяла далейшай кансалідацыі беларускай нацыі.

Пасля ўз’яднання ў заходніх абласцях БССР разгарнуліся радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Была праведзена нацыяналізацыя не толькі буйных, сярэдніх, але і дробных фабрык і заводаў, банкаў. Пачаліся тэхнічная рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Паступова ажыццяўляўся працэс калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Карэнныя змены адбыліся ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Народная асвета была ўключана ў савецкую адукацыйную сістэму. Пры ўтварэнні школ імкнуліся ўлічваць інтарэсы розных этнічных груп насельніцтва.

Але развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы, навукі, культуры і адукацыі заходніх абласцей было перапынена вайной. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне і далейшае пераўтварэнне краю. Нягледзячы на памылкі, прымусовае правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, негатыўныя наступствы савецкай адміністрацыйна-каманднай сістэмы, Заходняя Беларусь за кароткі перыяд стала развітым сацыяльна-эканамічным рэгіёнам. Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням усяго беларускага народа, дапамогі рэспублік Савецкага Саюза.

Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці. У 1945 годзе БССР стала адной з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных нацый, што спрыяла выхаду рэспублікі на міжнародную арэну і актыўнаму ўдзелу ў міжнародным жыцці.

Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: