Марыю Шышню шанавалі за працавітыя рукі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны.

На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіраваліся па сакрэты даўгалецця ў вёску Засецце да мясцовай доўгажыхаркі Марыі Шышні, якой сёлета спаўняецца 92 гады.

Марыя Ігнатаўна – карэнная жыхарка Засеццяў: тут яна нарадзілася, вырасла, на месцы бацькоўскага стаіць цяперашні яе дом, які ў 60-х гадах пабудавалі разам з мужам. Моцны, дагледжаны будынак сведчыць аб тым, што яго гаспадары сумленна адносіліся да любой справы, рабілі яе старанна, якасна, з разлікам на доўгія гады. Увогуле, працавітасць – адна з галоўных рысаў характару Марыі Ігнатаўны, ды і не дзіўна: жанчыне давялося шмат пабачыць на сваім вяку, і ў любой сітуацыі выратоўвалі працавітыя рукі.

– З дзевяці гадоў мне прыйшлося пасталець і дапамагаць матулі па гаспадарцы, затым пайсці працаваць, я і цяпер стараюся не заседжвацца, сама спраўляюся з простымі бытавымі справамі, – расказвае Марыя Шышня.

Наша зямлячка нарадзілася ў 1929 годзе, да Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць тры класы польскай школы, затым пачаліся яе “жыццёвыя ўніверсітэты”. Праўда, доўгажыхарка ўзгадвае, што пры нямецкай акупацыі ў вясковых дзяцей таксама была магчымасць прадоўжыць вучобу, але ўжо з абавязковым засваеннем нямецкай мовы. Аднак дзяўчынка для сябе цвёрда вырашыла, што “ламаць язык”, выгаворваючы словы ненавісных чужынцаў, яна не стане, таму заўсёды хавалася ад настаўніка, які хадзіў па хатах, запісваючы мясцовых дзяцей на вучобу.

Калі ворагаў прагналі, пачалося пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі, у хуткім часе сяляне аб’ядналіся ў калгасы, дзе была патрэбна кожная пара рук, – стала не да вучобы. Юная Марыя пайшла ў паляводства, амаль 15 гадоў працавала ў звяне.

– Праз мае рукі “прайшлі” горы лёну, – расказвае бабуля. – Спачатку нам даводзілася вырваць яго ўручную, крыху пазней у калгасе з’явілася машына, якая церабіла лён, а ўжо мы яго паднімалі і вязалі ў акуратненькія снапкі. Трэба было старацца, каб здаць “беларускі шоўк” добрым гатункам на Дварэцкі льнозавод, ды не чырванець за растрапаныя снапы, бо вазілі іх на прадпрыемства самі па чарзе з іншымі жанчынамі-паляводамі, самі загружалі і разгружалі.

Апошнія 19 гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак Марыя Ігнатаўна адпрацавала даяркай, назапасіўшы агульны “калгасны” стаж у 34 гады і важкую скарбонку асабістых працоўных узнагародаў.

– Працавала я на ферме “Засецце”, дзе ўтрымлівалася больш за сотню кароў, – узгадвае наша зямлячка. – На кожную з 13 даярак даводзілася па 15 жывёлін, якіх выдойвалі ўручную. Кармілі статак добра, таму і надоі па ферме былі высокія, пра нашы дасягненні неаднаразова пісала “Сельская газета”. Не заставалася дбайная праца па-за ўвагай кіраўніцтва гаспадаркі: штоквартальна падводзіліся вынікі працоўных спаборніцтваў з прысваеннем прэмій і Падзячных лістоў, нязменныя перадавікі калгаса ўдастойваліся значкоў “Пераможца сацспаборніцтваў”. У мяне такіх адзнакаў некалькі, ёсць і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, –для фотаздымка бабуля беражліва расклала сваю памятную калекцыю на стале.

Менавіта самаадданую паўсядзённую працу, калі ўстаеш з першымі пеўнямі, а кладзешся спаць пасля заходу сонца, Марыя Шышня і лічыць галоўным сакрэтам свайго даўгалецця і дадае, што пра балячкі і хваробы нават думаць не было калі.

Не толькі ў калгасе, але і дома жанчыну чакала вялікая гаспадарка: каровы, свінні, куры, агарод. Так за справамі праляталі гады маладосці, і невядома, як бы склаўся лёс Марыі Ігнатаўны, каб не знаёмы, які рашыўся пасватаць 29-гадовую працаўніцу за хлопца з суседніх Курпешаў.

– Прыйшоў неяк сусед і сказаў: ці ты не супраць, каб у госці зайшоў адзін хлопец? – узгадвае сваю “рамантычную гісторыю” бабуля. – Я згадзілася, няхай прыходзіць, вечарам накрыла стол. Так мы з будучым мужам “дамовіліся”, а ў хуткім часе распісаліся і згулялі вяселле.

Жыць маладажоны засталіся ў Засеццях, у старэнькім бацькоўскім доме, замест якога затым пачалі будаваць новы, пераважна без старонняй дапамогі. Разам выгадавалі сына, старанна і шмат працавалі.

Як узгадвае бабуля Марыя, у рабочыя будні вяскоўцаў падбадзёрвалі песні. Іх наша зямлячка ведае нямала і нават праспявала некалькі для сваіх гасцей. На развітанне пажадала ім і маладому пакаленню землякоў таксама пражыць доўгае цікавае жыццё, плённа працаваць, каб пакінуць добрую памяць аб сабе на роднай зямлі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga