Бульба на стол просіцца

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У гаспадарках Дзятлаўшчыны завяршаецца жніво збожжавых і зернебабовых культур, актыўна ідзе ўборка кукурузы, сяўба азімых зерневых культур.

Сваёй працай аграрыі раёна ўнеслі важкі ўклад у рэспубліканскі каравай.

Аднак не варта забываць і пра другі хлеб, які таксама з’яўляецца жаданым прысмакам на сталах беларусаў, – бульбу. Яе ўжо некалькі дзён капаюць у КСУП “Хвінявічы”. У гаспадарцы другі хлеб гатункаў “Скарб”, “Брыз” і “Гала” пасаджаны на 70 гектарах: 50 – паблізу вёскі Парэчча, па 10 – ва ўрочышчах Вярховіна і Вялікае поле. На раніцу 8 верасня сіламі працоўнай брыгады з 10 чалавек убраны адзін гектар ва ўрочышчы Хмель, сабрана 20 тон бульбы пры плане каля 2000 тон з усіх палёў.

Працаўнікі поля падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Міхаіл Малько:

– Ужо дзесяць год запар з’яўляюся ўдзельнікам “бульбянога” дэсанта. Акрамя КСУП “Хвінявічы”, працаваў і ў іншых гаспадарках раёна. Сонечнае і цёплае надвор’е, якое ідзе з намі “плячо ў плячо” на працягу ўжо некалькіх дзён, не проста матывуе на плённую працу, але і спрыяе добраму і пазітыўнаму настрою. Кожнаму за дзень неабходна сабраць па 800 кілаграмаў бульбы, аднак мы перавыконваем план і кладзём у “гаспадарчы” кошык па 1200 кілаграмаў. Таму ёсць магчымасць не толькі падзарабіць, але і дапамагчы аграрыям ва ўборцы другога хлеба. Хачу адзначыць працавітых жанчын, якія працуюць са мной у брыгадзе. Іншым разам прапануеш ім перадыхнуць, а яны адмаўляюцца і працягваюць збіраць бульбу. Малайцы, дзяўчаты!

Наталля Сцяпура:

– Працую ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Сама з вёскі Накрышкі, таму ўжо не першы год з задавальненнем дапамагаю роднай гаспадарцы ва ўборцы бульбы. Адначасова паляпшаю і сваё фінансавае становішча.

З году ў год працуем адным дружным саставам: нас смела можна назваць плённай і працавітай камандай, “капітанам” якой, з’яўляецца спагадлівы і адказны брыгадзір Аляксандр Навагран. Працуем з дзевяці раніцы да пяці вечара, на поле нам прывозяць гарачы абед, кожны раз повары радуюць рознымі смачнымі і духмянымі стравамі. Дома не заўсёды такія прыгатуеш. Вельмі рада, што прыношу карысць не толькі сабе, але і гаспадарцы. У наступным годзе таксама планую ў саставе той жа згуртаванай брыгады ўнесці свой пасільны ўклад у раённы бульбяны ўраджай.

У далейшым у работах задзейнічаюць і працоўныя каманды з розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна, спецыяльную ўборачную тэхніку. Выкапаць бульбу плануюць на працягу месяца, потым возьмуць сельскагаспадарчы курс на цукровыя буракі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga