Жніво і новыя сюрпрызы ад стыхіі

Важнае Свежыя навіны Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркавалі актуальныя тэмы, якія тычыліся бяспекі жыццядзейнасці, аховы правапарадку, ходу сельскагаспадарчых работ, рамонтаў і добраўпарадкавання, іншыя.

Выязджаюць рэйдавыя групы

Мінулы тыдзень, як расказаў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль, прайшоў на Дзятлаўшчыне адносна спакойна, значных злачынстваў не зарэгістравана. Адбылося некалькі дробных крадзяжоў, па ранейшых матэрыялах праверкі ўзбуджана крымінальная справа за збыт наркотыкаў. Міліцыя працавала над выяўленнем і знішчэннем наркаўтрымліваючых раслін: у раёне ліквідавана каля 15 ачагоў вырастання маку. Рэйдавыя групы праваахоўнікаў выязджалі ў сельгаспрадпрыемствы раёна, было ўстаноўлена некалькі фактаў знаходжання работнікаў у нецвярозым стане на працоўных месцах. Надавалася ўвага аўтатранспарту, які перавозіць збожжа ад камбайнаў, значных парушэнняў не выяўлена. Падобныя праверкі будуць прадоўжаны, таксама міліцыя зверне ўвагу на грамадскія месцы, дзе збіраецца моладзь.

Навальніца дадала работы

На мінулым тыдні ратаўнікі выязджалі на тушэнне гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Юравічы, іншых вогненных здарэнняў не зарэгістравана – пра гэта паведаміў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. У Казлоўшчынскім сельсавеце адбылося адключэнне электраэнергіі. Моцная навальніца, якая прайшла праз гэту зону, дадала работы экстранным службам раёна: давялося распілоўваць паваленыя дрэвы ў Лявонавічах, Лозках, Казлоўшчыне.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі даў даручэнне больш увагі звярнуць на ўчастак Слонімскай трасы, па якім стыхія “ўдарыла” мацней: ад Лявонавічаў да Малдавічаў неабходна ўбраць паваленыя і спілаваць сухія аварыйныя дрэвы.

Спутник V” – надзейны абаронца

Нягледзячы на тое, што ў раёне зніжаецца колькасць хворых на каранавірусную інфекцыю, не адкладваць вакцынацыю і прышчапляцца, калі няма супрацьпаказанняў, заклікала галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. Яна падкрэсліла, што клінічна даказана эфектыўнасць расійскай вакцыны “Спутник V” супраць усіх штамаў каранавірусу, у тым ліку супраць агрэсіўнага і хуткага індыйскага “дэльта”. На Дзятлаўшчыне ўжо вакцынавана 11, 86 % насельніцтва, актыўна прышчапляюцца самі медыкі – 71,8 % ад агульнай колькасці работнікаў сферы.

Таксама эпідэміёлагамі на захаванне патрабаванняў супрацьэпідэміялагічнай бяспекі былі правераны 10 аб’ектаў раёна, на 8 з іх знойдзены парушэнні, да адказнасці прыцягнута адна асоба.

Камбайны ўжо ў палях

Першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка расказаў, што ўсе гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі ячменю. Пачалася і ўборка лёну: амаль палову засеяных сёлета “беларускім шоўкам” плошчаў выцерабіў ААТ “Дварэцкі льнозавод”, някепскага ўраджаю валакністай культуры чакаюць у КСУПах “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”.

Таксама Віталій Шулейка адзначыў, што спякотнае надвор’е, на жаль, аказала негатыўны ўплыў на надоі: жывёла не з’ядала свайго сутачнага рацыёну – адбылося “падзенне” малака. На гэтым тыдні тэмпература паветра будзе больш камфортнай, і жывёлаводы раёна спадзяюцца выйсці на планавыя лічбы.

Вучэбны год не за гарамі

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, установы адукацыі раёна пачалі падрыхтоўку да новага навучальнага года, рамонты ажыццяўляюцца ў планавым рэжыме. Частка сродкаў ад раённага суботніка скіравана на рамонт дашкольных установаў у Наваельні і Дзятлаве.

Паралельна доўжыцца аздараўленчая кампанія: з 902 запланаваных навучэнцаў у летніках ужо адпачылі 753 хлопчыкі і дзяўчынкі, цяпер стартавала змена ў спартыўным летніку “Алімпіец”, у жніўні на Дзятлаўшчыне будуць працаваць яшчэ тры летнікі. Што тычыцца занятасці школьнікаў на канікулах, то нядаўна скончылі сваю работу два працоўных моладзевыя атрады.

Дапамога па падрыхтоўцы да новага навучальнага года ў рамках дабрачыннай штогадовай акцыі “Збяром дзяцей у школу” сёлета будзе аказана 609 навучэнцам нашага раёна.

Ямачны рамонт і грэйдзіраванне

Пра тое, што камунальнікі плануюць ажыццявіць ямачны рамонт вуліц у Дзятлаве, расказаў дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня. Таксама пасля інтэнсіўных дажджоў на вуліцах, дзе няма асфальтавага пакрыцця, будуць працаваць грэйдары. У планах камунальнай службы – ажыццявіць падсыпку больш праблемных участкаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga