У райвыканкаме. На павестцы дня: ідэалагічная работа і збор другасных рэсурсаў

Галоўнае Улада

Прайшло пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага.

На парадак дня былі вынесены два пытанні: “Аб сумеснай рабоце Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, па ўдасканаленні ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян” і “Аб ходзе выканання ўстаноўленых заданняў па зборы, нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўскага раёна ў першым паўгоддзі 2021 года”.

З першай тэмай удзельнікаў сустрэчы азнаёміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Аналізуючы стан ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, яна спынілася на кадравым забеспячэнні ідэалагічнай вертыкалі і падкрэсліла, што вакансій у гэтай сферы на тэрыторыі сельсавета няма, сярод ідэалагічных работнікаў працоўны стаж больш за 5 гадоў маюць 62,5 %. Першачарговай задачай спецыялісты лічаць стварэнне камфортных умоваў працы і адпачынку, падтрыманне спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў калектывах. Зарплата ў арганізацыях сельсавета выплачваецца без затрымак, адзначаецца яе рост, вялікая ўвага надаецца замацаванню кадраў і прыцягненню моладзі ў прафесію. Важным індыкатарам грамадска-палітычнай сітуацыі з’яўляецца колькасць зваротаў грамадзян: у першым паўгоддзі 2021 года ў параўнанні з аналагічным перыядам леташняга колькасць зваротаў жыхароў Данілавіцкага сельсавета ў райвыканкам знізілася. Заяўнікоў хвалявалі пытанні будаўніцтва і ўтрымання дарог, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, транспартнага паведамлення.

На пастаянным кантролі спецыялістаў застаюцца пытанні аховы працы: выпадкаў вытворчага траўматызму сёлета не зарэгістравана, стала менш парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Немалаважным фактарам павышэння эфектыўнасці вытворчасці з’яўляюцца вытворчыя спаборніцтвы, якія сталі традыцыйнымі ў ААТ “Граніт-Агра”, Ахонаўскім і Новаяльнянскім лясніцтвах. На дастойным узроўні ў сельсавеце наладжана работа з маладымі кадрамі: за апошнія 2 гады ў ААТ “Граніт-Агра” і лясніцтвах замацавалася 100 % маладых спецыялістаў, у 2019 годзе малады педагог Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы занесены ў Кнігу славы маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзеншчыны.

Для фарміравання здаровага ладу жыцця і заняткаў фізкультурай у ААТ “Граніт-Агра” ёсць трэнажорная зала, тэнісны стол, сёлета ў аграгарадку мяркуюць адкрыць пляцоўкі па пляжным валейболе і міні-футболе, актыўна жыхары сельсавета ўдзельнічаюць у раённых святах і спаборніцтвах.

Станоўча Вольга Рагачова ацаніла работу адказных спецыялістаў арганізацый сельсавета па стварэнні інтэрнэт-сайтаў, забеспячэнні інфармацыйных куткоў нагляднай агітацыяй і актуальнай інфармацыяй, папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі, а таксама супрацоўніцтва ідэалагічных работнікаў з грамадскімі аб’яднаннямі раёна, дзейнасць мясцовых інфармацыйных груп. Разам з тым, яна падкрэсліла, што больш увагі варта надаць павышэнню якасці інфармацыйнай работы; прадоўжыць практыку выязных інфармацыйных прыёмаў, сходаў грамадзян, сустрэч у працоўных калектывах; больш эфектыўна ажыццяўляць работу інстытута настаўніцтва; арганізоўваць у працоўных калектывах вывучэнне маральна-псіхалагічнага клімату.

Не менш надзённым для нашага раёна было пытанне, як Дзятлаўшчына спраўляецца з заданнем па нарыхтоўцы другасных рэсурсаў. Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі зазначыў, што планавыя лічбы па зборы другаснай сыравіны былі даведзены арганізацыям раёна рашэннем райвыканкама з улікам колькасці работнікаў, спецыфікі дзейнасці, аб’ёмаў адходаў. Аператарамі па нарыхтоўцы з’яўляюцца Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства і РУП ЖКГ, працуюць 7 прыёмных пунктаў, у Дзятлаве і часткова Наваельні ўкаранёна сістэма кантэйнернага адасобленага збору камунальных адходаў. З кіраўнікамі ўстановаў раёна, дзе меліся значныя адставанні па зборы другаснай сыравіны, у першым паўгоддзі праведзена службовая нарада. У маі-чэрвені нарыхтоўку ўдалося актывізаваць, па некаторых паказчыках перавыканаць. За 6 месяцаў 2021 года на Дзятлаўшчыне здадзена 530 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў, або 37,9 % ад гадавога задання (1399 тон). Не ў поўным аб’ёме, на 35 %, выканана заданне першага паўгоддзя па нарыхтоўцы паперы і кардону, на 52,8 % – па нарыхтоўцы электрычнага і электроннага абсталяванняў. Лепш ідуць справы па выкананні іншых паказчыкаў. Дзяржзаказ па нарыхтоўцы шкла выкананы на 53 % ад гадавога задання, па зборы палімерных адходаў – на 59,6 %, па здачы зношаных шын – на 68,9 %, адпрацаванага тэхнічнага алею – на 51,5 % ад гадавога задання. Аналіз сітуацыі, звязанай з адставаннем, сведчыць, што некаторыя кіраўнікі не прадпрымаюць дзейсных мераў па планамерным выкананні паказчыкаў, а насельніцтва пакуль неактыўна сартуе смецце.

Аб праблемах, з якімі сутыкаюцца пры зборы другаснай сыравіны, і шляхах іх вырашэння расказалі дырэктары Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Лянцэвіч і РУП ЖКГ Сяргей Луня, таксама сітуацыю патлумачылі кіраўнікі арганізацый раёна, дзе дапушчаны адставанні.

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што другасная сыравіна – дадатковы рэсурс нашай дзяржавы, яе нарыхтоўцы будзе надавацца сур’ёзная ўвага, таму ён заклікаў адказных асобаў арганізацый актывізаваць работу ў гэтым кірунку, каб ужо ў трэцім квартале выйсці на планавыя лічбы.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне Падзячнага ліста рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” намесніку старшыні райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі Ігару Кухарэвічу за актыўную грамадзянскую пазіцыю, праяўленыя ініцыятыўнасць і адказнасць пры выкананні статутных задач аб’яднання.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga