Літоўцы на Дзятлаўшчыне: адкуль яны прыйшлі?

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Аб тым, што на дзятлаўскай зямлі захаваліся яцвяжскія назвы, ведаюць многія. Называюцца населеныя пункты Гезгалы, Погіры, Яцвезь як найменні з яцвяжскімі каранямі. Вядомы і назвы рэк балтскага паходжання з суфіксам “да” – Грыўда, Неўда, Ясельда, а таксама назвы Зэльва, Зяльвянка.

Даведка

Яцвягі (ятвягі) – група заходнебалтыйскіх плямён 1-га – пачатку 2-га тысячагоддзя нашай эры. У склад зямель, на якіх былі расселены яцвягі, вучоныя ўключаюць Сувалкію, Падляшша, Берасцейскую зямлю, значную частку Верхняга Панямоння. Пахавальнымі помнікамі яцвягаў з’яўляюцца каменныя курганы. Гэта магільныя збудаванні, якія або цалкам, або часткова складзены з камянёў. Насыпы невысокія, круглыя, менавіта на іх і арыентуюцца вучоныя, аналізуючы арэал рассялення яцвягаў.

Вядома, што ў другой палове 19-га – пачатку 20-га стагоддзя ў Слонімскім павеце жыло літоўскае насельніцтва, у прыватнасці, вельмі шчыльна ў Дзятлаўскай воласці. У 1848 годзе ў пяці населеных пунктах воласці было 825 літоўцаў (440 мужчын і 385 жанчын). У 1886 годзе сярод 7569 каталікоў воласці па-літоўску гаварылі 1156 чалавек (па-польску – 1454, па-беларуску – 4959). У 1909 годзе літоўскую мову яшчэ ведалі ў трох вёсках: Засеці (зараз Засецце), Норцавічах і Погірах. Вучоны Э. А. Вольтар, даследуючы інвентар маёнтка Здзецела ад 24 красавіка 1580 года, зафіксаваў наступныя літоўскія прозвішчы: Дайліда, Ванакель, Кібілда, Рунча, Пукас, Жыбарт, Вірбіл, Скрэндзі, Ванакір і іншыя. Былі яны распаўсюджаны ў мястэчку Здзецела, у вёсках Засецці, Ятвезь, Норцавічы, Погіры, Страла, Аляхновічы і Лаўны Мост (запіс назваў можа не адпавядаць сучасным). Э. А. Вольтар у 1909 годзе пісаў, што людзей з вёскі Ятвезь называлі дайнава, што сведчыць пра захаванне ў мясцовай гаворцы літоўскай назвы яцвяжскіх плямёнаў.

На электронную пошту Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея напісаў жыхар горада Мінска Сяргей Стральцоў, які сцвярджаў, што з’яўляецца нашчадкам літоўцаў, якія жылі на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, і шукаў сляды сваёй прабабулі Людвігі (Ядвігі, Лідвы) Цыгель. Ён расказаў, што яна з’яўлялася носьбітам вельмі рэдкага літоўскага дыялекта, які нават у Літве быў амаль згублены. У 50-60-х гадах 20-га стагоддзя навукоўцы з Вільнюса запісвалі носьбітаў гэтага дыялекта (прыпеўкі, песні, апавяданні), у тым ліку і яго прабабулю Лідву. У музеі ёсць першы том кнігі літоўскіх аўтараў на літоўскай мове “Зецельскі дыялект”, дзе сабраны аповеды аб носьбітах літоўскай мовы ў Дзятлаўскім раёне. Аказалася, што такіх кніг выйшла два тамы і выдаў іх Інстытут літоўскай мовы з горада Вільнюса.

Сапраўды, у ёй згадваецца Лідва Цыгель, а таксама яе старэйшы брат Юзаф Жукель і родная цётка Станіслава Кашкене.

 

Лідва (Лідвіся, Людвіка) Жукелітэ-Цыгелене нарадзілася ў 1891 годзе ў вёсцы Засецце. Расла ў літоўскай сям’і. Замуж выйшла ў сваёй вёсцы за праваслаўнага Яна (Івана) Цыгеля. Часцей яна размаўляла на беларускай мове. На літоўскай паміж сабой гаварылі рэдка. Жыла Лідва Цыгелене спачатку ў Засецці, потым на хутары Бабляўшчына (у раёне Яцвезі). Калі пастарэла, свой родны дыялект амаль не помніла. З яе слоў запісана толькі некалькі тэкстаў і ўрыўкі песень. Калі перасялялі ў пасёлкі, Цыгелі пераехалі ў Дзятлава. Там Цыгелене і памерла ў 1982 годзе.

Вось што расказвала ў кнізе сама Лідва: “Я выйшла замуж маладая, калі мне было 20 гадоў. Мама мяне клікала Лідва (імя ў пашпарце Ядвіга), імя мамы было Антоля (Антаніна). Палова нашай вёскі Засецце былі Жукелі. Мову сваю я ўжо забылася. А раней на ёй гаварыла ўся вёска. Цяпер не. Усе дзівяцца, калі мая мама і жонка дзядзькі спяваюць і размаўляюць на літоўскай мове. Сястра маёй мамы Станіслава Кашкене добра гаварыла па-літоўску, паўтарала, што літоўская – наша родная мова. Мой брат Юзаф казаў, што старая гаворка захавалася ў Погірах, Норцавічах, Засецці. Цяпер у Засецці мала хто гаворыць, раней многія ведалі родную мову літоўскую”.

Стала таксама вядома  пра  бабулю Марыю (дачку Лідвы Цыгель). Яна скончыла чатыры класы літоўскай школы, была запрошана працягваць адукацыю ў Вільню, у 69 гадоў пры наведванні харчовай крамы ў Шяўляі ў Літве лічыла грошы і размаўляла на літоўскай мове.

Адкуль жа ўзяліся літоўцы на Дзятлаўшчыне? Гэта нашчадкі яцвягаў ці перасяленцы больш позняга часу?

Згодна з расказамі Лідвы Цыгель і яе дачкі Марыі з’яўленне літоўцаў у наваколлях Дзятлава звязана з легендай. Некалі даўно адзін літоўскі пан прайграў у карты польскаму пану тры літоўскія вёскі, якія і пераехалі з усім скарбам у нашу мясцовасць. Па словах брата Лідвы Юзафа Жукеля, гэта хутчэй за ўсё былі продкі жыхароў, што насялялі Засецце, Погіры і Норцавічы.

Як вызначаюць навукоўцы Інстытута літоўскай мовы з Вільні, самая далёкая паўднёвая частка захаванага старога літоўскага дыялекта ў раёне Зецела адносіцца па іх градацыі да заходнеаўкштайскага каўнаскага дыялекта. З’яўленне ж літоўскіх сем’яў у раёне Зецела (Дзятлава) так і застаецца загадкай, з дакладнасцю можна сказаць толькі, адкуль родам былі іх продкі, мяркуючы па схемах распаўсюджвання літоўскіх дыялектаў, узятых з афіцыйнага сайта інстытута. Ёсць меркаванне, што з тэрыторыі бліз Каўнаса літоўцы патрапілі ў Малую Літву, а адтуль ужо ў раён Зецела (Дзятлава).

У наш час наўрад ці хто з былых нашчадкаў дзятлаўскіх літоўцаў помніць сваю родную мову, можа гаварыць на ёй. Але не гэта галоўнае. Важней, напэўна, тое, што мы яшчэ раз пераконваемся ў бясспрэчным факце: на нашых землях спрадвеку мірна і талерантна жылі прадстаўнікі розных народаў.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: