У райвыканкаме. Не проста даты ў календары

Важнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі, аздараўлення і адпачынку, бяспекі жыццядзейнасці, падрыхтоўкі да святаў і іншыя.

У Дзятлаве будуць святы

Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, наш раён актыўна рыхтуецца да святочных мерапрыемстваў, якія адбудуцца ўжо на гэтым тыдні. На плошчы 17 Верасня раённая ўрачыстасць 10 чэрвеня ў 16 гадзін сабярэ 110 выпускнікоў 11 класаў установаў адукацыі Дзятлаўшчыны.

А літаральна на наступны дзень, 11 чэрвеня, свой 375-гадовы юбілей адзначыць адзін з галоўных гістарычных аб’ектаў нашага горада – дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ва ўрачыстасці, прымеркаванай да гэтай гістарычнай даты, прымуць удзел як вернікі, так і госці свята.

Таксама Ігар Кухарэвіч расказаў, што ў нашым раёне ажыццяўляецца маніторынг падрыхтоўкі летнікаў, якія ў час канікулаў будуць працаваць на базе ўстановаў адукацыі. Парушэнняў не выяўлена, некаторыя летнікі на пачатку чэрвеня  ўжо прынялі сваю першую змену.

Для забеспячэння бяспекі дзяцей у летні перыяд у райцэнтры, гарадскіх пасёлках Наваельня і Казлоўшчына таксама быў правераны стан гульнявых пляцовак для дзятвы. Выяўлены пэўныя недахопы, якія будуць выпраўлены.

З сертыфікатам хутчэй

Аб тым, як на Дзятлаўшчыне ідзе вакцынацыя насельніцтва супраць каранавіруснай інфекцыі, расказала галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. Яна падкрэсліла, што ў раёне адзначаецца зніжэнне ўзроўню захворвання. Самі дзятлаўчане таксама спяшаюцца паклапаціцца аб уласным здароўі: усе дозы вакцыны, што нядаўна паступілі ў раён, поўнасцю выкарыстаны. Медыкі чакаюць новую партыю, упэўнены, што і пры яе паступленні знойдзецца не менш жадаючых атрымаць прышчэпкі. Варта ведаць, што ўсе прышчэпленыя грамадзяне маюць права атрымаць спецыяльны сертыфікат правакцынаванага, які каштуе да 5 рублёў і друкуецца на рускай і англійскай мовах. Чакаецца, што ў хуткім часе вакцына “Спутник V” пройдзе рэгістрацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта значыць, усе прышчэпленыя ёю грамадзяне змогуць без папярэдняй здачы тэстаў выязджаць за мяжу.

Каб вада не стала бядой

Усе раёны Гродзеншчыны ў сувязі з надыходам пацяплення атрымалі даручэнне старшыні абласнога выканаўчага камітэта – звярнуць максімум увагі на папярэджанне гібелі людзей на вадзе. На Дзятлаўшчыне летам 2021 года абсталяваны і працуюць два пляжы: на возеры па вуліцы Фогеля райцэнтра (гарадскі пляж) і на возеры ва ўрочышчы “Рыбакі” (пляж санаторыя “Радон”). На астатніх вадаёмах раёна купанне забаронена. У летні сезон будуць функцыянаваць раённыя групы маніторынгу для выяўлення парушальнікаў у забароненых для купання месцах.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga