У добры шлях – пад ветразем надзеі. У Дзятлаве прайшоў раённы выпускны баль (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Пасля гадавога перапынку дзятлаўчане з асаблівым пачуццём чакалі знакавую падзею гэтага лета – традыцыйны выпускны баль на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве, які сабраў выпускнікоў усіх школ раёна.

У важны і сімвалічны для нашай краіны Год народнага адзінства 110 юнакоў і дзяўчат сталі на крок бліжэй да самастойнасці.

Павандраваць пад пунсовымі ветразямі на шляху да новага жыццёвага этапу выпускнікоў школ раёна запрасілі вучні і педагогі гімназіі № 1 горада Дзятлава, якія сёлета рыхтавалі канцэртную праграму. Павіншаваць маладых людзей з атрыманнем першай адукацыі прыйшлі родныя, сябры, педагогі, адміністрацыя раёна.

Са словамі пажаданняў да выпускнікоў 2021 года звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Многія з вас выпрабавалі сябе ў розных конкурсах, алімпіядах. Хочацца спадзявацца, што веды, вопыт стасункаў, атрыманыя ў школе, дапамогуць вам упэўнена ісці па дарозе жыцця. І кожны, напэўна, ужо зрабіў свой першы ў жыцці адказны крок: вырашыў, на якой прафесійнай ніве ён зможа рэалізаваць сябе, стане карысным сваёй Радзіме.

На вас, маладых, таленавітых, энергічных, мы ўскладаем вялікія надзеі. Наша дзяржава заўсёды імкнулася да таго, каб вы, нашы юныя грамадзяне, не толькі атрымлівалі новыя веды, але і ўсебакова развівалі свае здольнасці і ўнеслі годны ўклад у эканамічнае, інтэлектуальнае і культурнае багацце краіны.

Мы перакананыя ў тым, што дзе б вы ні былі, кім бы вы ні сталі, заўсёды будзеце памятаць бацькоўскі дом, школу, сяброў, усё тое добрае, што ўвабралі ў сябе ў родных сценах.

І я спадзяюся, што вы выбераце запатрабаваную прафесію і зможаце ў будучым рэалізаваць атрыманыя веды і ўменні менавіта тут, на Дзятлаўшчыне, на вашай радзіме.

Выказваю ўпэўненасць, што вы з гонарам прымеце эстафету старэйшых пакаленняў і ў далейшым зробіце годны ўклад у стварэнне квітнеючага і гарманічнага грамадства.

Блаславілі выпуск-2021 на добры шлях, пажадалі маладым людзям не схіляцца перад цяжкасцямі, крочыць па жыцці з Богам благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Іаан Кісель і ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў атэстаты з адзнакай і залатыя медалі выдатнікам вучобы. Сёлета дзесяць выпускнікоў склалі залаты фонд Дзятлаўскага раёна – Ягор Валько, Анастасія Ванчук, Марыя Гірык, Таццяна Горбач, Карына Дораш, Анастасія Дарашкевіч, Вольга Белуш, Алена Ходар, Ганна Календа, Валерыя Стасюк. На працягу школьных гадоў яны паспелі рэалізаваць многія смелыя праекты, дасягнуць вышыняў у розных сферах навукі і творчасці. Гэтыя маладыя людзі – прызёры і пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, канферэнцый і алімпіяд.  Падзячныя пісьмы іх бацькам уручыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

Педагогі, якія зрабілі важкі ўклад у справу выхавання падрастаючага пакалення, таксама былі адзначаны высокімі ўзнагародамі. Іх у час выпускнога балю атрымалі Святлана Спасюк, Валянцін Палухін, Таццяна Ваніслаўчык, Аксана Роўба, Марына Ігнацік, Алена Гарановіч.

І вось ён надышоў – самы хвалюючы момант развітання са школай, самы кранальны і пранікнёны школьны вальс, у кожнай школы непаўторны, са сваім характарам.

Яны ўжо не школьнікі, але яшчэ не студэнты. Засталося ўсяго некалькі крокаў да даросласці. Наперадзе выпускнікоў чакае першае сур’ёзнае выпрабаванне – паступленне ў навучальныя ўстановы.

У свой дзень выпускнікі падзяліліся эмоцыямі, планамі і марамі.

Ульяна Сарачынская, выпускніца Вензавецкай сярэдняй школы:

– Як і мае аднакласнікі, я вельмі шчаслівая, што годна закончыла школу. Гэта быў вялікі этап нашага жыцця, цяпер час перайсці да наступнага, мы да гэтага гатовыя. Сёння ў нас сапраўднае свята, дзе я адчуваю сябе казачнай прынцэсай. Ну, а заўтра будзем паказваць свае веды, усё тое, чаму навучыліся за доўгія школьныя гады, паспрабуем “штурмаваць” вышэйшыя навучальныя ўстановы. Планую паступіць на спецыяльнасць “медыка-прафілактычная справа” ў медуніверсітэт. Усім аднакласнікам жадаю ўдачы, а класнаму кіраўніку Кацярыне Валер’еўне Каліноўскай – не сумаваць без нас.

Таццяна Каляга і Дзіяна Патыш, выпускніцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Вось ужо і закончылі сярэднюю школу, выбар спецыяльнасці таксама даўно зроблены: я буду паступаць на юрыста, а Дзіяна плануе стаць медыкам. Да іспытаў мы рыхтаваліся на працягу двух гадоў, цяпер застаецца паказаць вынік. А вось універсітэт будзем выбіраць згодна з вынікамі тэсціравання, глядзець прахадныя балы. Хацелася б паступіць у Мінск. Мы вельмі чакалі гэты дзень. Наперадзе новы этап жыцця, невядомы і цікавы. Жадаю сваім аднакласнікам ніколі не баяцца цяжкасцяў, ісці да сваёй мары: усё рэальна, калі працаваць і быць упартым.

Мар’ян Жукель, выпускнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– Пачуцці, як і ва ўсіх выпускнікоў, змешаныя: сумна і хвалююча ад таго, што мы становімся дарослымі і давядзецца самім несці адказнасць за сваё жыццё. Але радасць таксама прысутнічае, бо хочацца імкнуцца да новых вяршыняў, атрымаць яшчэ больш ведаў. Я вельмі ўдзячны ўсім настаўнікам за гэтыя незабыўныя гады, той каштоўны вопыт, які яны нам далі. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую нашым класным мамам Вользе Віктараўне Лябецкай і Таццяне Яўгенаўне Калашнікавай. У хуткім часе буду паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “гісторыя і археалогія”, спадзяюся на поспех, а наперадзе – цэнтралізаванае тэсціраванне.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: