Першая ўзнагарода рэспубліканскага ўзроўню

Галоўнае Спорт і турызм

На сёння максімальная вага, якую ёй удалося падняць, – 57 кілаграмаў, і яна не плануе спыняцца на дасягнутым.

У горадзе Пінску прайшла рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па цяжкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 гадоў нараджэння. Каманда Гродзенскай вобласці заняла першае месца. У складзе зборнай у вагавай катэгорыі да 81 кілаграма выступала выхаванка Дзятлаўскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Паліна Улога, якая ўпершыню прымала ўдзел у спаборніцтвах такога ўзроўню і заняла трэцяе месца. Перад гэтым спартсменка паспяхова зарэкамендавала сябе на вобласці, дзе стала сярэбранай прызёркай у вагавай катэгорыі да 76 кілаграмаў.

Дзяўчына-сілачка жыве ў Дзятлаве, вучыцца ў сярэдняй школе № 3, пойдзе ў дзявяты клас. Цяжкай атлетыкай займаецца ўжо 7 гадоў. Першыя крокі ў гэтым відзе спорту пачала рабіць яшчэ ў пачатковай школе пасля таго, як трэнер-выкладчык з Дзятлаўскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей Залатароў прапанаваў дзяўчынцы паспрабаваць свае сілы ў падняцці штангі. На сёння максімальная вага, якую ёй удалося падняць, – 57 кілаграмаў, і яна не плануе спыняцца на дасягнутым: хоча стаць прафесійнай цяжкаатлеткай. Вольны час Паліна бавіць з сябрамі, стварае жывапісныя кампазіцыі з дапамогай фарбаў.

Сяргей Іванавіч заўсёды матывуе дзяўчыну на перамогу, стараецца дапамагаць ёй не толькі “спартыўным” словам, але і парадай у цяжкай сітуацыі. Навучае ніколі не здавацца, імкнуцца да лепшага, верыць у сябе, пастаянна развівацца і рухацца наперад да новых перамог як на трэніроўках, так і ў жыцці. Прадуктыўныя 10-дзённыя трэніровачныя зборы перад рэспубліканскай спартакіядай са збалансаваным харчаваннем, правільна падабранай трэнерам сістэмай трэніровак, неймавернае жаданне праявіць сябе і дасягнуць выніку, а таксама падтрымка гродзенскіх трэнераў і членаў каманды “зарадзілі” дзяўчыну ўпэўненасцю і сілай, якія дазволілі юнай спартсменцы падняць “бронзавую” штангу.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga