Найлепшыя віншаванні і вясёлая дыскатэка

Грамадства Свежыя навіны

Добрая нагода – адсвяткаваць разам Дзень імянінніка – выдалася ў наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Спецыялісты аддзялення Валянціна Саламевіч і Таццяна Нічыпаровіч вырашылі, што свята для асаблівых людзей павінна быць з пачастункамі, таму месцам для яго правядзення выбралі кафэ кінатэатра “Спадарожнік”. А паколькі “Праменьчык” уваходзіць у аб’яднанне “Крыніца натхнення”, што працуе на базе сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, то цікавую праграму для імяніннікаў і іх гасцей падрыхтавалі артысты.

На сустрэчы сяброў вітала загадчыца сектара Ганна Харлінская. Яна выказала спадзяванне, што Год народнага адзінства падорыць асаблівым людзям і работнікам культуры яшчэ шмат цёплых сумесных сустрэч, але сённяшняя – доўгачаканая, бо праходзіць пасля вялікага перапынку, выкліканага пандэміяй. Таму Ганна Валяр’янаўна заклікала прысутных быць актыўнымі і як след павесяліцца. Разам з Марынай Варган яны прапанавалі наведвальнікам аддзялення скласці калектыўную віншавальную паштоўку. Былі ўзгаданы самыя добрыя словы, таму і пажаданне атрымалася цёплым.

Выказваць кампліменты для імяніннікаў дапамагала “чароўная” кветка, добрыя падзеі жыцця ім напрарочыў кошычак з прадказаннямі, а сябры па аб’яднанні падрыхтавалі памятныя падарункі. Не абышлося і без песенных паштовак, якія прагучалі ад групы “Бархат” і Ганны Харлінскай. Завяршылася свята дыскатэкай у танцавальнай зале кінатэатра.

Ірына СТЫРНІК