Моладзь Дзятлаўшчыны на маршруце памяці “З лампадай каля Вечнага агню” (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У нашых сэрцах нязгасным агнём жыве памяць аб тых, хто падарыў нам свабоду.

Сімвалічна, што да сёлетняга свята Перамогі ва ўсіх рэгіёнах Прынёманскага краю праходзяць маршруты памяці “З лампадай каля Вечнага агню”, арганізаваныя моладзевым парламентам Гродзеншчыны. Удзельнікамі акцыі з’яўляюцца дэпутаты моладзевага парламента, піянеры, валанцёры, іх педагогі. На маршрутах моладзь не толькі знаёміцца з помнікамі ваеннай гісторыі, але і пакідае каля кожнага з іх лампадкі як сімвал памяці, пашаны і павагі да загінулых абаронцаў Айчыны і мірнага насельніцтва, якое было знішчана ворагамі ў гады ваеннага ліхалецця.

Аўтобусны маршрут памяці “З лампадай каля Вечнага агню” ў Дзятлаўскім раёне стартаваў у гарадскім парку райцэнтра каля мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, загінулых пры вызваленні Дзятлаўшчыны, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, дзе прайшоў першы мітынг-рэквіем, які адкрыла каардынатар моладзевага парламента, метадыст ЦТДМ горада Дзятлава Ірына Мішчанка.  Ускладаннем кветак і ўстаноўкай лампад члены моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, піянеры і валанцёры ўшанавалі памяць абаронцаў, якія загінулі ў імя Перамогі.

Наступным прыпынкам стаў мемарыял “Дзеці ліхалецця” на дзятлаўскіх могілках, дзе вечны спачын знайшлі больш за 70 дзяцей з Ленінграда, Прыбалтыкі, Беларусі, Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі, міжнароднага піянерскага лагера “Наваельня”, загінулыя ад голаду і эпідэмій, замучаныя акупантамі ў 1943-1944 гадах. У памяць аб іх моладзь пакінула на мемарыяле кветкі і маленькія, але прыкметныя лампадкі.

Апошнім прыпынкам у межах горада быў абеліск Славы, дзе маладыя парламентарыі, піянеры і валанцёры ўшанавалі подзвіг загінулых воінаў і землякоў.

Далей моладзевы маршрут пралёг праз некалькі населеных пунктаў, дзе таксама адбыліся цырымоніі ўшанавання: у аграгарадках Раклевічы і Данілавічы ўдзельнікі акцыі наведалі помнікі землякам, у гарадскім пасёлку Наваельня – брацкую магілу, апошняй кропкай маршруту памяці стаў аграгарадок Дварэц, дзе моладзь правяла мітынгі-рэквіемы каля брацкай магілы і помніка загінулым землякам.

 

Напрыканцы ўдзельнікі моладзевага маршруту падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі.

Яўген Кардаш, навучэнец гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– На розных прыпынках маршруту мы ўшаноўвалі памяць загінулых воінаў і землякоў. Нам, сучаснаму пакаленню, нельга забываць, што дзякуючы іх подзвігам мы сёння можам спакойна жыць, вучыцца, ажыццяўляць такія вандроўкі. Разам са мной ехалі мае аднакласнікі. Яны таксама адзначаюць, што мерапрыемства было цікавае.

Анастасія Маскаль, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– Я неаднойчы ўдзельнічала ў мерапрыемствах да Дня Перамогі, аднак у акцыі “маршрут памяці” – першы раз. Мы наведалі 8 пахаванняў загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны. Лічу, што гэта цікавей, чым паглядзець кінастужку, таму што ты можаш на ўласныя вочы пабачыць новыя мясціны, адчуць іх атмасферу, успомніць аб загінулых, ушанаваць іх памяць.

Марына Шаўчук, педагог-арганізатар гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– Мы з юнымі парламентарыямі, піянерамі, педагогамі-арганізатарамі праехалі па маршруце, усклалі кветкі, устанавілі лампады памяці. Гэту памяць не сцерці, не выказаць словамі тыя пачуцці, якія перапаўнялі нас у час паездкі. Сапраўды, хто забывае сваё мінулае – не мае будучыні. Галоўная даніна, якую мы можам аддаць пакаленню пераможцаў – наша вечная памяць: у мерапрыемствах, дзеяннях, акцыях. Няхай маладое пакаленне зноў і зноў сэрцам датыкаецца да апаленых вайной старонак гісторыі, нясе гэту памяць будучым пакаленням, каб падобная трагедыя ніколі не здарылася, і наш народ заўжды быў пераможцам.

Ірына СТЫРНІК