Хто сыграе “Сола для пішучай машынкі”?

Грамадства Свежыя навіны

Выніковым быў сёлетні ўдзел юных жыхароў Дзятлаўскага раёна ў завочным абласным этапе VI рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, які праходзіць пад дэвізам “Беларусь – мая мова і песня”.

Скарбонка маладых талентаў Дзятлаўшчыны папоўнілася 14 дыпломамі, 7 з якіх заваявалі навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

Як расказала загадчыца аддзела мастацкай творчасці Цэнтра Анжэла Грыб, спачатку для вызначэння лепшых былі арганізаваны раённы этап конкурсу па ўсіх намінацыях і выстава. У Гродне дзятлаўскіх пераможцаў чакала сур’ёзная канкурэнцыя, бо на суд журы на гэты раз было вынесена 1350 творчых выступленняў і 480 работ з розных куткоў Прынёманскага краю.

У сакавіку сталі вядомы абласныя вынікі. Перамога ў намінацыі “Арыгінальны жанр” ва ўзроставай катэгорыі 14-18 гадоў дасталася Даніілу Гародку за музычны нумар “Сола для пішучай машынкі” (педагогі Ірына Мішчанка і Дзяніс Клімовіч).

У намінацыі “Інструментальная музыка” дыплом трэцяй ступені атрымаў узорны духавы аркестр “Новаяльнянскія трубачы” (кіраўнік Дзяніс Клімовіч) за папуры на тэму музычных твораў ансамбля “Песняры”.

Дыпломам другой ступені ў намінацыі “Выцінанка” ўзнагароджана Паліна Халопік, трэцяй ступені – Караліна Голуб (педагог дзяўчынак – Алена Турчэнік).

Абярэгі Дар’і Дзядовіч і Дар’і Абрамчык былі ўзнагароджаны дыпломам другой ступені ў намінацыі “Мастацкі тэкстыль” (педагог Марына Харкевіч).

Ірына Авярчук, Анастасія Мікуліч, Соф’я Жадзейка стварылі мультфільм “Калыханка”, які ў намінацыі “Анімацыйная стужка” заваяваў дыплом другой ступені (педагог Роберт Асіпук).

У намінацыі “Выяўленчае мастацтва” работа Арыны Грыб адзначана дыпломам трэцяй ступені (педагог Роберт Асіпук).

Яшчэ пяць дыпломаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!” – у навучэнцаў установаў адукацыі нашага раёна. Так, Надзея Губко з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава (педагог Ала Івашэвіч) стала пераможцай намінацыі “Выяўленчае мастацтва”, яе сяброўка па ўстанове Аляксандра Целехавец (педагог Святлана Целехавец) атрымала перамогу ў намінацыі “Тэатральная творчасць”, паднамінацыі “Мастацкае слова” з творчым нумарам “Ліса-калядоўшчыца”, а школьны вакальна-інструментальны ансамбль “Юніс” (кіраўнік Валянцін Палухін) з песняй “Выбірай” удастоены дыплома другой ступені ў намінацыі “Інструментальная музыка”, паднамінацыі “Аркестры і ансамблі”.

Марына Тадарэнка з Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы (педагог Ірына Літвін) узнагароджана дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Графіка”.

Дыплом другой ступені ў намінацыі “Інструментальная музыка” заваявала Анастасія Салата з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, яе сяброўка па ўстанове Валерыя Татарчык у намінацыі “Арыгінальны жанр” таксама адзначана дыпломам другой ступені за “Танец з абручамі”. Творчыя нумары дзяўчынак былі падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Дзятлаўскай дзіцячай школай мастацтваў: з Анастасіяй займалася педагог Кончык Дар’я, з Валерыяй – трэнер Валерый Герасіменка і педагог сярэдняй школы № 1 Іна Дзедава. Навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы Карына Лабейка (педагогі Ларыса Радзівон, Галіна Масловіч) у намінацыі “Тэатральная творчасць”, паднамінацыі “Мастацкае слова” атрымала дыплом другой ступені.

Работы-прызёры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выяўленчага мастацтва, анімацыйныя стужкі цяпер знаходзяцца на экспазіцыі ў Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Мінска і чакаюць ацэнкі рэспубліканскага журы. Будзем спадзявацца, што пасля падвядзення канчатковых вынікаў рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!”, дыпломаў у юных жыхароў нашага раёна стане больш.

Ірына СТЫРНІК