З успамінаў жыхароў пацярпелых вёсак

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ёсць у Беларусі страшны “магільнік вёсак”, адзіны на ўсёй зямлі – Хатынь.

Ведаюць свае Хатыні і дзятлаўчане. Гэта Вялікая Воля, Гарадкі, Дубраўка, Трахімавічы…

З успамінаў Івана Іосіфавіча Павачкі, былога жыхара вёскі Вялікая Воля.

– Немцы загадалі ўсім вяскоўцам выйсці на вуліцу. Палавіну людзей павялі ў адзін бок, другую палавіну – у другі. Я ішоў разам з жонкаю Сцепанідай Пятроўнай у першай групе, нёс на руках сямігадовага сына, а яна – трохгадовую дачку. Немцы падвялі нас да ямы. Усе зразумелі: будуць расстрэльваць. Немцы загадалі лезці ў яму і лажыцца адзін на аднаго. Затым раздаліся кулямётныя чэргі. Смяртэльна раніла сына, які толькі паспеў сказаць: “Тата, мне балюча”. Мне фашысцкая куля адарвала на левай руцэ адзін палец і два раздрабніла. Немцы спусціліся ў яму і там яшчэ дабівалі людзей.Я прытварыўся мёртвым. Немец стукнуў мне па галаве. Я не падаў выгляду. Пасля гэтага пачалі засыпаць яму. Пласт пяску быў на чвэрць метра. Я стаў задыхацца. Калі немцы пайшлі, вырашыў выбрацца. Наўкол нікога не было, пачаў дабірацца ў сваю вёску.

Цудам жывымі з другой групы засталося чацвёра мужчын і чацвёра дзяцей. Яны расказалі, што іх па дванаццаць чалавек заводзілі ў лес і там таксама расстрэльвалі.

У той час, калі фашысты па-зверску распраўляліся з мірнымі жыхарамі, другія – спалілі вёску, разграбілі маёмасць.

Успаміны былой жыхаркі вёскі Трахімавічы Юзэфы Францаўны Трахімовіч, якая з’яўлялася сведкай той далёкай трагедыі:

–13 снежня 1942 года зранку ў вёску прыехалі карнікі. Я ўсё помню да дробязей, быццам гэта здарылася ўчора. Дык вось, у той дзень, а гэта была нядзелька, ля вёскі засела некалькі партызан, якія адкрылі агонь па карніках. Завязаўся бой. Два партызаны былі забіты на месцы, акурат непадалёку ад брацкай магілы. Вось і вырашылі фашысты, што тут амаль усе партызаны.

Фашысты хутка акружылі вёску  пачалі выганяць усіх са сваіх хат: і старых, і дзяцей. Безумоўна, як не падпарадкуешся ўзброеным да зубоў фашыстам! Яны хутка сагналі ўсіх у адно месца. Спачатку хацелі загнаць у старую хату. Людзі туды не пайшлі – відаць, зразумелі, што спаляць. Тады пад шчыльным канвоем прывялі на бераг возера, што ля самай вёскі, устанавілі кулямёты.За некалькі імгненняў вёска амаль перастала існаваць.

Застракаталі кулямёты – людзі амаль раптоўна паваліліся на зямлю. Два хлапчукі-падлеткі гадоў па пятнаццаць спрабавалі ўцячы на возера, ды дзе там – іх дасталі кулямётныя чэргі. Хай хоць яны засталіся б яшчэ жывымі. Пацякла рэчка крыві, пачуліся стогны, з пісталетаў карнікі дабівалі тых, хто яшчэ варушыўся.

Праз некалькі дзён у вёску зноў наведаліся фашысты. На гэты раз яны запалілі хаты, забралі жывёлу і маёмасць. Застрэлілі тых, хто вярнуўся з лесу. У выніку гэтай трагедыі з усяе вёскі ўцалела толькі дзевяць чалавек. 140 вяскоўцаў і два партызаны ляглі навечна ў брацкую магілу.

Людзі загінулі ні за што. А працавітыя былі. На зямлі сваёй шчыравелі, хлеб вырошчвалі, жывёлу гадавалі.

Пасля вызвалення ад ворагаў тыя, хто застаўся ўжывых, занава будавалі вёску. Цяжка было, бо ўцалела  цудам адна старэнькая хатка ды невялічкая кузня, дзе і прасядзелі ўсе разам некалькі гадоў.

З успамінаў Ядвігі Іванаўны Гародка з вёскі Гарадкі:

— 16 снежня 1942 года,у вёску Гарадкі наляцелі карнікі. Солтысу Юзафу Лагуціку загадалі сабраць разам усіх жыхароў вёскі ў вызначанае месцана поплаў, як быццам для праверкі дакументаў. Па настроі карнікаў, якія былі ўзбуджаны і рыхтавалі кулямёты, сяляне адчулі нядобрае, сталі разбягацца. Аднак іх пачалі ўгаворваць, што нічога з імі рабіць не будуць. Людзі вярнуліся ў вызначанае месца. Карнікі загадалі тады ўсім выстраіцца і ўзяць на рукі дзяцей. Першага застрэлілі солтыса Юзафа Лагуціка. Пасля гэтага карнікі з кулямётаў і аўтаматаў пачалі расстрэльваць безабаронных жыхароў вёскі. Цяжка і жудасна было ад крыкаў, плачу, праклёнаў у адрас немцаў. Праз некалькі хвілін усё абарвалася, сціхла, толькі чуліся перадсмяротныя стогны паміраючых.

Калі я ляжала каля трупаў, яшчэ была пры памяці, фашыст схапіў мяне за каўнер, перавярнуў і на мне забіў майго сыночка, куля трапіла і ў мяне.

Калі немцы паехалі, нейкая жанчына сказала: “Людзі! Хто жывы, вылазьце”. З цяжкасцю паднялася. Яшчэ са мной выпаўзлі двое дзетак. Гэта Лёля Гародка і Гена Ерамейчык. І ў зімнюю сцюжу мы падаліся куды вочы глядзелі. Спачатку спыніліся на адным хутары, затым дабраліся да вёскі Салавічы. Так засталіся жывымі. Аб тым кашмары напамінае фашысцкая куля, якая сядзіць у маім целе.

А праз тры дні ў суботу, 19 снежня, карнікі прыгналі людзей з навакольных вёсак, якія выкапалі вялікую магілу і захавалі 367 аднавяскоўцаў, у тым ліку маіх траіх дзяцей і мужа”.

Сёння на гэтым месцы высіцца помнік, які напамінае жывым аб лютых зверствах фашыстаў у тыя гады ваеннага ліхалецця на Дзятлаўшчыне.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: