Пашпарты – у Дзень Канстытуцыі

Галоўнае Грамадства

У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” ва ўрачыстай абстаноўцы свой галоўны дакумент атрымалі 8 юных жыхароў раёна, якія дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту.

– На працягу 27 гадоў у нашай краіне шырока адзначаецца Дзень Канстытуцыі – асноўнага дакумента нашай дзяржавы, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Задача беларусаў – забяспечыць пераемнасць пакаленняў і выхаваць моладзь у духу патрыятызму. Адна з добрых традыцый такога выхавання – урачыстае ўручэнне пашпартоў у Дзень Канстытуцыі. Свой галоўны дакумент сёння атрымліваюць нашы юныя землякі, у якіх ёсць значныя поспехі ў спорце, вучобе, творчасці: Валерыя Жых, Анастасія Маскаль, Ганна Берасневіч, Павел Аблажэй, Дыяна Чарнуха, Дар’я Лашкоўская, Златаслава Лагуцік, Алена Мезена.

Шчыра жадаю ім быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы, бо Беларусь – наш агульны дом, нідзе нам не будзе так камфортна, як дома. Міра вам, дабра, шчасця, новых поспехаў на карысць Айчыны.

Павіншаваць маладых грамадзян з важнай падзеяй у жыцці прыйшлі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Ламака, спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава.

Пашпарты, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і падарачныя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” навучэнцам уручылі Андрэй Садоўскі, Вольга Ламака, Наталля Маркава. Падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” – Вольга Рагачова. Вокладкі на галоўны дакумент – Міхаіл Губар.

Златаслава Лагуцік, навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава, ад імя равеснікаў падзякавала за віншаванні і паабяцала, што маладое пакаленне сваёй вучобай, дасягненнямі, добрымі справамі будзе прадаўжаць традыцыі дзядоў і прадзедаў і паклапоціцца аб росквіце роднай зямлі.

Ала Чарняўская выканала для ўдзельнікаў свята песню пра Беларусь, прысутным прадэманстравалі відэаролік пра нашу прыгожую і ўтульную краіну, а затым юных грамадзян запрасілі на экскурсію па музейных залах, якую правяла старшы навуковы супрацоўнік Алена Абрамчык.

Ірына СТЫРНІК



Теги: