Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 1 па 7 лютага 2021 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 62 паведамленні, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 21 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 38 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 10 правапарушальнікаў, узбуджана 4 крымінальныя справы.

Каб старонка “не чырванела”

1 лютага раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на жыхара Дзятлаўскага раёна, які з чэрвеня 2019 па верасень 2020 года на асабістай старонцы сацыяльнай сеткі “ВКонтакте” размясціў і захоўваў выявы, якія, па заключэнні эксперта, носяць парнаграфічны характар. Цяпер мужчыну давядзецца адказваць перад судом.

Скралі з незамкнёнай кватэры

3 лютага была ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу, які адбыўся 22 студзеня з 15 да 15 гадзін 30 хвілін. У пенсіянеркі, 1943 года нараджэння, якая жыве ў шматпавярховым доме ў гарадскім пасёлку Наваельня, невядомы злодзей скраў 65 рублёў. Пры гэтым, дзверы ў бабулінай кватэры не былі замкнёныя.

Праваахоўнікі просяць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра абставіны  злачынства, тэлефанаваць на нумар 102 ці паведаміць участковаму інспектару міліцыі.

Ухіляўся ад службы

5 лютага раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на жыхара Дзятлаўскага раёна, 2001 года нараджэння. Хлопец ухіляўся ад прызыву на воінскую службу. Цяпер ён паўстане перад судом.

Памёр ад чаднага газу

3 лютага пры задымленні дома ў вёсцы Лозкі ад чаднага газу задыхнуўся яго гаспадар, 1952 года нараджэння. Па пярэдняй версіі бяда здарылася з-за таго, што мужчына рана закрыў пячную заслонку.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама