Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Аляксандр Маркушэўскі: “Галоўнае – клопат пра людзей”

Галоўнае Грамадства

Удзельнікам V Усебеларускага народнага сходу ў 2016 годзе быў наш зямляк – старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі.

Ён расказаў, якія ідэі мінулага форуму ўжо рэалізаваны ў рабоце.

– Мне быў аказаны давер паўдзельнічаць ва Усебеларускім народным сходзе 2016 года. Там абмяркоўваліся ў тым ліку планы па развіцці рэгіёнаў на пяцігодку, што мяне найбольш цікавіла ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю. На форуме было адзначана, што ўзровень жыцця ў сельскай мясцовасці варта максімальна набліжаць да гарадскога.

У паўсядзённай рабоце нашага сельскага выканаўчага камітэта галоўным заўсёды было здароўе людзей, павышэнне ўзроўню іх жыцця, забеспячэнне асноўных патрэбаў. На жаль, колькасць жыхароў у 32 населеных пунктах Дзятлаўскага сельсавета паступова змяншаецца, што звязана ў тым ліку з міграцыяй моладзі ў гарады. Разам з тым, шмат увагі мы надаём добраўпарадкаванню вёсак і аграгарадка на падведамаснай тэрыторыі. Так, за апошнія гады пакладзены асфальт у вёсках Засецце (вуліца Лугавая), Пенчыцы, Заполле. Упэўнены, што праблема стану сельскіх вуліц і дарог вырашалася б значна хутчэй, каб усе яны былі перададзены на баланс спецарганізацый. Яшчэ адзін складальнік камфорту жыхароў – гэта газіфікацыя. Яна прыйшла і ў шэраг населеных пунктаў нашага сельсавета. Апошняя з вёсак, куды пачало паступаць блакітнае паліва – Галаўлі.

Не менш увагі сельвыканкам надае пытанням бяспекі жыццядзейнасці жыхароў, падтрымцы адзінокіх пажылых людзей, тых, хто жыве адзінока, іншых катэгорый насельніцтва, рабоце са зваротамі грамадзян, адраснай дапамозе, якая аказваецца сумесна з сацыяльнай і іншымі службамі раёна. Мы ведаем і трымаем на кантролі клопаты нашых жыхароў, таму асабліва радуе, што ў нашым сельскім савеце жывуць людзі, з якімі лёгка працаваць і знаходзіць узаемаразуменне ў вырашэнні праблемных пытанняў. Нераўнадушныя да бытавых клопатаў землякоў і 22 старасты нашых вёсак, мясцовыя дэпутаты. У вырашэнні праблем жыхароў нам насустрач заўсёды ідзе кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, у якога можна заручыцца належнай падтрымкай. Напрыканцы адзначу, што галоўныя задачы мінулай пяцігодкі па развіцці рэгіёнаў выкананы, упэўнены, што і ў наступныя пяць гадоў паляпшэнню жыцця ў сельскай мясцовасці будзе нададзена належная ўвага.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: