Соф’я Хацько: “Я па-сапраўднаму шчаслівая”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Час ляціць птушкай.

Зусім нядаўна жыццё, як чысты ліст паперы, ляжала перад табою, душа была напоўнена жаданнямі і надзеямі. А вось ужо прыйшла пара падводзіць вынікі. Шчаслівы той чалавек, які дабіўся ў жыцці сваёй мэты, а двойчы шчаслівы той, хто займаўся любімай справай. Гэтыя словы можна з упэўненасцю сказаць пра Соф’ю Іосіфаўну Хацько, якая 10 снежня адзначыла свой 70-гадовы юбілей.

Соф’я Хацько – наша зямлячка. Нарадзілася яна ўвёсцы Коцькі, дзе закончыла пачатковую школу, а з пятага класа вучылася ў Дварэцкай сярэдняй школе.

– З удзячнасцю ўспамінаю настаўнікаў: Любоў Вікенцьеўну Жых, Веру Сцяпанаўну Кірылаву, Ларысу Мікалаеўну Зэйдзель, Марыю Васільеўну Лапата, Ванду Фларыянаўну Рудзік, Рыгора Пятровіча Кардаша. Дзякуючы ім я стала настаўніцай, – гаворыць Соф’я Іосіфаўна.

Школу Соф’я Хацько закончыла ў 1967 годзе з аднымі “4” і “5”. Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут на спецыяльнасць “настаўнік гісторыі”. Пасля яго заканчэння працавала ў Нагерскай сярэдняй школе. Было цяжка, але праца прыносіла задавальненне.

Па волі лёсу ў верасні 1975 года Соф’я Іосіфаўна вярнулася на сваю малую радзіму – Дзятлаўшчыну. Тут яе назначылі арганізатарам пазакласнай работы і настаўніцай гісторыі ў Мяляхавіцкую сярэднюю школу.

– Школа была невялікая, актавай залы не было, і ўсе выхаваўчыя мерапрыемства мы праводзілі ў клубе вёскі Белагурна. Гэта было за паўтара кіламетра ад Мяляхавічаў, але калектыў быў малады, працаздольны і рухавы, таму гэта нас не спыняла, – успамінае Соф’я Іосіфаўна.

Работа з моладдзю вельмі падабалася, і калі ёй прапанавалі перайсці на працу ў Дзятлаўскі райкам камсамола, яна згадзілася. З лютага 1976 года Соф’я Іосіфаўна стала працаваць загадчыцай арганіцыйнага аддзела РК ЛКСМБ. Хутка яна была выбрана другім сакратаром, а праз год стала першым сакратаром Дзятлаўскага РК ЛКСМБ.

– Гэта была добрая школа ўзаемаадносінаў, дысцыпліны, школа жыцця, – расказвае Соф’я Іосіфаўна.

За час працы ў райкаме камсамола Соф’я Хацько атрымала тры Ганаровыя граматы Гродзенскага абласнога камітэта ЛКСМБ,

Ганаровыя граматы ЦК ЛКСМ Беларусі, ЦК ВЛКСМ, Гродзенскага абласнога камітэта ДТСААФ. Соф’і Хацько давялося сустракацца з Пятром Міронавічам Машэравым. Яна была дэлегатам XXVI з’езда камсамола Беларусі, выбіралася дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў.

З 1980 года працавала інспектарам аддзела народнай адукацыі, затым арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, настаўніцай гісторыі.

Працуючы настаўніцай, яна імкнулася прывіць любоў да гісторыі, навучыць аналізаваць розныя падзеі, але самае галоўнае – старалася выхаваць сапраўдных людзей.

– Як прыемна цяпер сустракацца з былымі вучнямі і слухаць іх гісторыю жыцця. Радуе, што мае вучні выбралі розныя прафесіі, але сярод іх ёсць тыя, якія вырашылі ісці па маім шляху – гэта Мікалай Губко, Алена Стракоўская, Іна Біялт.

Добрымі словамі ўспамінае Соф’я Іосіфаўна сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава, куды прыйшла працаваць у 2003 годзе.

– З якой цеплынёй нас, былых настаўнікаў другой школы, сустракалі калегі! Пяць гадоў я працавала ў гэтай школе і пастаянна адчувала павагу бацькоў, любоў вучняў, падтрымку настаўніцкай сям’і, – узгадвае Соф’я Хацько.

Цяпер Соф’я Іосіфаўна разам з мужам Уладзімірам Іванавічам на заслужаным адпачынку. Яны выгадавалі двух сыноў – Мікалая і Дзмітрыя.

– У кожнага ёсць сем’і. Мы заўсёды чакаем прыезду сваіх чатырох унукаў. Калі наша вялікая сям’я збіраецца разам, я па-сапраўднаму шчаслівая. І дзякую Богу за свой лёс, за свае пражытыя 70 гадоў, за ўсіх тых добрых людзей, з якімі мне пашчасціла сустракацца на жыццёвым шляху.

Таццяна КАЛАШНІКАВА,
настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: