Сяргей Дурко: у лясной прафесіі не бывае выпадковых работнікаў

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

2020 год стаў выпрабаваннем як для людзей, так і для арганізацый Дзятлаўшчыны.

Зрабіўшы стаўку на стварэнне камфортных умоваў працы, мадэрнізацыю і ўмацаванне знешнеэканамічных сувязяў, Дзятлаўскі лясгас змог не толькі ўтрымаць, але і павысіць мінулагоднія дасягненні. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў дырэктара арганізацыі Сяргея Дурко, чым жыве сёння лясная гаспадарка.

– Сяргей Віктаравіч, у гэты няпросты для ўсіх час як спрацавала ваша арганізацыя?

– Дзятлаўскі лясгас выканаў усе мерапрыемствы, запланаваныя ў межах дзяржаўнай праграмы “Беларускі лес” на 2016-2020 гады, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Таксама мы паспяхова справіліся з заданнямі дзяржаўных і галіновых праграм, выканалі мэтавыя паказчыкі. Лесааднаўленне і лесаразвядзенне праведзена на плошчы 304,5 гектара, што склала 108,8 % да плана, стварэнне лясных культур селекцыйным і пасяўным пасадачным матэрыялам – на тэрыторыі больш за 154 гектары (110 % да плана). Мы паспяхова спраўляемся з задачай забяспечыць лясную гаспадарку лясгаса сваім пасадачным матэрыялам. Для гэтай мэты сёлета былі пабудаваны дадатковыя цяпліцы і парнікі ў Раготнаўскім, Гезгалаўскім, Казлоўшчынскім лясніцтвах.

Бесперапынна ідзе работа па ахове і абароне лесу. Дзякуючы ёй, а таксама санітарна-аздараўляльным мерапрыемствам, праведзеным сёлета, паменшылася колькасць суцэльных усыханняў дрэваў у хваёвых насаджэннях, ліквідаваны ачагі заражэння лесу на плошчы 798 гектараў. Пастаянна вядзецца работа па выяўленні правапарушэнняў у лясным фондзе. Для гэтай мэты выкарыстоўваюцца 9 фотапастак, рэгулярна праходзяць рэйды. За гэты год 91 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (у тым ліку, 33 парушэнні выяўлены дзякуючы фотафіксацыі).

– Якія дасягненні маеце ў галіне перапрацоўкі лясной прадукцыі?

– Сёлета аб’ём лесанарыхтоўкі склаў 112,5 % да плана, атрыманне выручкі ад работ і паслугаў – больш за 115 % да плана. Прадукцыя Дзятлаўскага лясгаса канкурэнтаздольная як на ўнутраным рынку, так і на знешнім. Стабільна працуем з Польшчай, Літвой, Германіяй, выйшлі на кітайскі рынак. Увесь тавар вырабляецца з мясцовай сыравіны.

– Што, па-вашаму, спрыяе паспяховай працы?

– Не сакрэт, што высокія вынікі арганізацыі наўпрост залежаць ад зладжанай работы ўсяго калектыва. Са свайго боку, кіраўніцтва лясгаса стварае камфортныя ўмовы для працы. Па-першае, гэта дастойны ўзровень заработнай платы (у сярэднім з пачатку года яна складае 1160 рублёў); па-другое, пастаяннае паляпшэнне ўмоваў працы. У тым ліку, абнаўленне машынна-трактарнага парку. Сёлета было выдаткавана 3 мільёны 392 тысячы рублёў на набыццё аўтамабіля МАЗ-сартыментавоз, харвестара, рубіцельнага комплекса, чатырох транспартна-пагрузачных лясных машын, аўтамабіля “Газель”, чатырох аўтамабіляў УАЗ, легкавога аўтамабіля. Таксама мы займаемся навядзеннем парадку ў лесе, на аграсядзібах, вядзём рамонтныя работы. Сёлета быў адрамантаваны будынак Гезгалаўскага лясніцтва, вядзецца рамонт адміністрацыйнага будынка Дзятлаўскі лясгас. Актыўна працуем на развіццё экатурызму. Сёлета мы заключылі дагавор з мастачкай, якая створыць для нашых аграсядзібаў роставыя фігуры дагістарычных і сучасных жывёлін.

– Ці прэстыжна сёння быць работнікам лесу?

– Адзначу, што ў лясной прафесіі практычна не бывае выпадковых работнікаў. Людзі, якія выбіраюць гэту няпростую прафесію, застаюцца верныя ёй. Любоў да справы падмацоўваецца стабільным высокім заробкам і добрымі сацыяльнымі гарантыямі. Так званая “цякучка кадраў” у нас блізкая да нуля, людзі звальняюцца толькі па прычыне пераезду. Нямала маіх калег узнагароджваліся нагрудным знакам за 10, 20 і 30 гадоў бездакорнай службы. У калектыве Дзятлаўскага лясгаса сёння працуюць 17 сем’яў. Склаліся працоўныя дынастыі – Гліністыя, Заяц, Тарас. Шэрагі работнікаў лесу штогод папаўняюцца маладымі спецыялістамі, а значыць, справа жыве і будзе жыць.

Наталля АВЯРЧУК