У Дзятлаве з’явілася першае графіці

Важнае Культура і адпачынак

Еўрапейская і беларуская урбан-культура прыйшла нарэшце і ў Дзятлава.

У нашым горадзе з’явіўся першы мурал, і дзятлаўчане ўжо змаглі ацаніць яго, прагульваючыся па вуліцы Леніна.
Першае ў Дзятлаве графіці літаральна за два дні “праявілася” на сцяце гімназіі №1 горада Дзятлава. Сімвалічна, што гэта архітэктурная славутасць нашага горада, палац Радзівілаў.

Мяркую, такая  прыгажосць нікога не пакінула раўнадушным. Графіці – павялічаная копія малюнка 19-га стагоддзя, аўтарства якога належыць літаратару, музыку і мастаку Напалеону Орду. Малюнак перанеслі на фасад з дапамогай праекцыі – і напоўнілі дэталямі. Графіці намалявана ў сепіі – папулярных сёння адценнях карычневага колеру, што выглядае, як стары рэтра-фотаздымак. У рабоце былі выкарыстаны акрылавыя фарбы і аэразоль, таму арт абяцае не адзін год трымацца на фасадзе і радаваць дзятлаўчан і турыстаў.

Аўтары “Палаца Радзівілаў” на фасадзе гімназіі Яўген Салановіч і Раман Камінскі – мастакі з мінскай арт-майстэрні “Zadelo”, на рахунку якой не адзін дзясятак паспяховых праектаў (у тым ліку, у суседнім з намі Навагрудку).
Па словах мастакоў, 60% працы – гэта дзяржаўная замова, таму працы прысвечаны пераважна гісторыі і архітэктуры рэгіёна. Каманда мастакоў вялікая, таму яны працуюць адначасова ў некалькіх кропках Беларусі.


– Да працы тут мы не былі знаёмы з горадам Дзятлава, – кажа Яўген. – А калі прыехалі, былі прыемна ўражаны. Сапраўды, утульны, дагледжаны еўрапейскі горад са своеасаблівым выглядам. Тут адчуваецца добрая атмасфера. Прыемна было рабіць Дзятлава яшчэ крыху прыгажэйшым.
Лета – ва ўсіх сэнсах гарачая пара для мастакоў. Іх чакаюць яшчэ шмат праектаў, шмат гарадоў і замоваў. Але, як прызнаецца Яўген Салановіч, ёсць праект усяго жыцця – вялікі зубр па дарозе з Брэста на Мінск, на якім, спадзяецца ён, з’явіцца графіці іх аўтарства ў чырвона-сініх колерах (як колер Брэсцкай крэпасці і валошкі, нефармальнага сімвала Мінска).

А дзятлаўчане спадзяюцца, што першае графіці стане пачаткам добрай серыі, якая напоўніць наш родны горад новымі фарбамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup