Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна. Добры быў чалавек з роду Літавараў

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Так бывае: чалавека няма, а памяць пра яго жыве. Добрая памяць, удзячная.

У сэрцах блізкіх, у душах знаёмых і супрацоўнікаў, ва ўспамінах сяброў, прыяцеляў і проста тых, хто чуў шчыры водгук пра чалавека, але сам не быў з ім знаёмы, ніколі не бачыўся. Звычайна пачуеш: “Добры быў чалавек”, – і гэтага дастаткова, каб ужо склалася пэўнае ўражанне, заклалася пэўная думка, бо проста так не скажуць – народ умее выбіраць тое важнае і трапнае, што характаразуе адразу і назаўсёды. І не толькі самога чалавека, а і ўвесь яго род.

Так і я, не ведаючы асабіста Расціслава Пятровіча Літавара, мела наконт яго сваю думку, і вось чаму. Па-першае, вучыла яго ўнучку Наташу. Спачатку выкладала беларускую мову і літаратуру і была класным кіраўніком у трэцяй дзятлаўскай школе, потым перайшла са сваім класам у гімназію і зноў выкладала ў 8 “Б” класе беларускую мову і літаратуру, рыхтавала Наташу да паступлення. Была знаёма з яе мамай Светай і татам Ігарам, сынам Расціслава Пятровіча, ставілася да гэтай сям’і з павагай, цеплынёй, бо людзі яны аказаліся шчырыя, памяркоўныя, заўсёды дапамагалі вырашаць школьныя пытанні, разумелі, ішлі насустрач. Ды і сама Наташа засталася для мяне блізкім чалавекам і цяпер, хаця пасля школы прайшло ўжо дванаццаць гадоў. А яна ж, на думку родных, падобная да дзеда характарам, паводзінамі: добрая, спагадлівая, самаахвярная, вельмі працалюбівая і мэтанакіраваная, а калі трэба, строгая і валявая. Гэта іх рысы, рысы роду Літавараў. Наташа з вялікай цеплынёй і шчырасцю ўспамінае дзядулю.

– Мой дзядуля Расціслаў… Сказаць, што ён быў самым лепшым дзядулем – нічога не сказаць. Мяне ён таксама чамусьці вылучаў, паміж намі была нейкая незвычайная сувязь. Ён вельмі любіў, калі вакол яго збіралася шмат людзей. Заўсёды чакаў дзяцей і ўнукаў. Жартаваў з нас. І я з усмешкай на твары заўсёды ўспамінаю, як ён казаў:

– Кашы бярозавай атрымаеш! – і смяяўся. Ніколі не злаваўся, хоць і быў строгім.

З бабуляй такія працаўнікі былі, гаспадарку вялікую вялі. Дзіўлюся, як усё паспявалі! Было і хобі – велізарная колькасць вулляў з пчоламі. Усёй сям’ёй выпампоўвалі мёд і “шэптам” смяяліся, каб часам каторая пчолка не ўджаліла, так весела нам было і страшна адначасова. Сям’я наша вялікая, шумная. Да апошніх дзён дзядуля займаўся пчоламі, перажываў і ўсё перадаў майму тату, што было каштоўна для самога.

Хто ж ён, мой дзядуля, для мяне? Колькі сябе памятаю, побач са мной быў і ёсць дзядуля. Ён – мой сябар. А гэтым усё сказана. Ён са мной, а не каля мяне. Дзядуля добры, ласкавы, з ім заўсёды адчувала сябе надзейна і ўпэўнена. Калі мы з ім пасвілі кароў, ён часта рабіў розныя вырабы з кары дрэў, венікі для лазні, свістулькі. З ім заўсёды было цікава, ён быў выдатным суразмоўцам, прычым размаўляць мог на любыя тэмы. У мяне захоўваецца кожная паштоўка да дня нараджэння, якія ён заўсёды сам падпісваў каліграфічным почыркам. Сумна, што яго больш няма. Але ён у маім сэрцы, ён у нашых сердцах.

Пазней пазнаёмілася бліжэй з дачкой Расціслава Пятровіча – Валянцінай. Ведала, што яна даглядае хворага бацьку, клапаціцца пра яго. Менавіта з іх дома Расціслаў Пятровіч пайшоў на свой вечны спачын. Наш музей супрацоўнічае з аддзяленнем дзённага прабывання для інвалідаў “Праменьчык”, у якім працуе Валянціна Расціславаўна. Прыемнасць у стасунках, шчырасць, дабрыня вылучаюць гэту жанчыну, да якой заўсёды можна звярнуцца па дапамогу і быць упэўненай у тым, што табе не адмовяць.

– Калі тата працаваў старшынёй калгаса, – успамінае Валянціна Расціславаўна, – то аддаваў рабоце ўсяго сябе. Памятаю, як ён вучыўся ў Гродна, быў на сесіі па месяцу, а то і больш, а мне вельмі хацелася, каб тата хутчэй вярнуўся. Гляджу тэлевізар і чакаю: вось зараз убачу тату, яго пакажуць там. Помню, як цудоўна ён умеў гатаваць розныя стравы: пельмені, варэнікі, клецкі. Зімовымі вечарамі, калі ў бацькоў было трохі больш часу, мы рабілі гэта ўсёй сям’ёй. Садзіліся вакол стала на кухні і ляпілі. Традыцыя гэта перайшла і ў нашы сем’і. Зараз мы збіраемся разам на Каляды, Вялікдзень, гатуем і ўспамінаем тату, маму, наша дзяцінства.

У таты было шмат сяброў, людзей годных, былых кіраўнікоў рознага ўзроўню, якія засталіся верныя дружбе да апошняга дня. Некаторыя на сувязі са мной і зараз, віншуюць, тэлефануюць. Тата быў вельмі гасцінным, умеў сябраваць, заўсёды стараўся больш аддаць.

А з працоўнай дзейнасцю Расціслава Пятровіча я спачатку пазнаёмілася завочна ў музеі Круцілавіцкай школы падчас пасяджэння метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школьных музеяў. Сяргей Віктаравіч Каско, тады настаўнік Круцілавіцкай школы, прадстаўляў нам новую экспазіцыю музея, падрыхтаваную да гадавіны ўтварэння СВК “Граніт-Агра”. Расціслаў Пятровіч многія гады ўзначальваў калгас “ Радзіма” (пазней “Гвардыя”), пакінуў пасля сябе не толькі добрую памяць, але і многія дасягненні ў вытворчай і сацыяльнай сферы калгаса. Яго цвёрды характар, прынцыповасць, арганізатарскія здольнасці і зараз з павагай успамінаюць доўгажыхары вёсак калгаса.

Расціслаў Пятровіч Літавар наш зямляк, сын дзятлаўскай зямлі.  Нарадзіўся ён 14 красавіка 1932 года ў вёсцы Азяраны. Рос у сялянскай сям’і, дзіцём зведаў вайну. Ужо ў пасляваенны час скончыў сямігодку, працаваў загадчыкам Данілавіцкай хаты-чытальні. У 1951 годзе быў прызваны ў армію, дзе праявіў сябе адказным, дысцыплінаваным салдатам, за што быў вылучаны на вучобу ў гадзічную партыйную школу, якую паспяхова скончыў. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Дзятлаўшчыну, працаваў сакратаром Азяранскага сельскага савета, пазней старшынёй Навасёлкаўскага сельскага савета. Працаваў і вучыўся адначасова,  у 1962 годзе скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пазней, у 1975 годзе, – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. З 1962 па 1986 гады шматразова выбіраўся старшынёй калгаса “Радзіма”, быў дэлегатам трэцяга з’езда калгаснікаў БССР (1968), членам савета калгасаў Гродзенскай вобласці (1975-1980).

Расціслаў Пятровіч працаваў якраз у той час, калі сельская гаспадарка раёна нарошчвала тэмпы вытворчасці, раслі ўраджаі, паляпшаўся дабрабыт калгаснікаў, людзі пачалі жыць багацей, больш цывілізавана. Будавалася жыллё, працавалі клубы, бібліятэкі, сельскія крамы, адчыняліся камбінаты бытавога абслугоўвання, лазні. Стратэгія развіцця сельскай гаспадаркі была накіравана на ўтрыманне рабочых рук не шляхам прымусу, як было ў 50-я, а праз стварэнне камфортных умоў для жыцця і працы. У вёсцы павінны быць умовы, прыбліжаныя да гарадскіх – такую задачу ставіла дзяржава, і яе трэба было вырашаць.

За добрасумленную працу, высокія вытворчыя дасягненні гаспадаркі Расціслаў Пятровіч быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), Знак Пашаны (1976), медалямі “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу”. У 2013 годзе імя Расціслава Пятровіча занесена ў энцыклапедыю “Хто ёсць Хто ў Рэспубліцы Беларусь. Людзі справы”.

Годнае, слаўнае жыццё чалавека на карысць людзям і роднай зямлі ніколі не будзе сцёрта з памяці. Так, імя Расціслава Пятровіча Літавара навечна занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Але жыць ён будзе і ў памяці людзей, бо дабрыня чалавечая – бессмяротная.

Алена АБРАМЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: