Скарбы малой радзімы: на дзятлаўскім падворку (+відэа)

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Традыцыйна да фестывалю-кірмашу “Дажынкі” кожны раён рыхтуе свой святочны падворак.

І гэтым разам, у Год малой радзімы,  Дзятлаўшчына прадстаўляе тыя скарбы роднага краю, якімі багатая наша мясцовасць.

Зразумела, што найперш гэта нашы санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Лекавую радонавую ваду і гаючую гразь возера Дзікае ведаюць і цэняць не толькі ў нашай краіне, а і далёка за яе межамі.

Прадукцыя пад брэндам “Сырная страна” сыраробнага завода, прадукцыя Дварэцкага льнозавода карыстаюцца попытам, запатрабаваны ў спажыўцоў. Дарэчы, на фестывалі-кірмашы сыраробы ладзяць дэгустацыю сваёй прадукцыі і яе ахвотна набываюць і мясцовыя жыхары, і госці свята.

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паказваюць на раённым падворку не толькі вынікі сваёй працы, а і прымаюць актыўны ўдзел у абласной выставе-конкурсе на самы прыгожы сноп, самую вялікую агародніну “Дары зямелькі беларускай”. Праходзіць і выстава на самы прыгожы каравай.

На дзятлаўскім падворку можна пабачыць набыткі  нашага лідара  ААТ “Граніт-Агра”. Працаўнікі гэтай гаспадаркі выдатна папрацавалі на сяўбе і жніве, нарыхтоўцы кармоў і асеннім ворыве.

Але не хлебам адзіным жыве наша старонка. У яе —  багатая спадчына, якую прадставіў гісторыка-краязнаўчы музей і раённая бібліятэка. Нашыя скарбы – гэта самабытная песенная творчасць, абрады і традыцыі, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, адметныя выданні ручной работы — тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Дзятлаўскі падворак наведаў і пазнаёміўся з выставамі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Святочны настрой на нашым падворку ствараюць вядучыя артысты народнага тэатра-студыі гульні  “Прымакі” Святлана Венская, Андрэй  Добыш, Святлана Грос, ансамблі “Бархат” і  “Ятранка”.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ