Ёсць хлеб, ёсць і песня

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У цэнтры Смаргоні, бадай, няма таго кутка, дзе не гучала б песня, дзе не танцавалі б ці не ладзілі гульні-забавы.

“Спеўная талака” сабрала на пляцоўцы каля летняга амфітэатра  вядучыя народныя і фальклорныя калектывы Гродзешчыны. Удзел у канцэртнай праграме прымаў і ансамбль народнай песні і музыкі “Ятранка” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў складзе Ганны Харлінскай (кіраўнік калектыву), Ларысы Жэгалік, Таццяны Муха, Лаўры Кунюціце. Наш калектыў прывёз у сталіцу абласных  “Дажынак” лепшае са свайго рэпертуару – народныя, эстрадныя песні, якія хочацца і падпяваць, і пад іх танцаваць. А ў канцэртнай праграме — выступленні знакамітых “Белых росаў”, ансамбляў “Гудскі гармонік”, “Лявоны”, “Весялуха”, “Ярыца” – больш за 20 калектываў.

Вялікую цікавасць у смаргонцаў і  гасцей свята выклікала выстыва-кірмаш “Беларускія дзівосы”, што праходзіла ў гарадскім парку. Дзятлаўшчына там паказала сваю дэкаратыўна-прыкладную творчасць: вырабы, зробленыя рукамі гезгалаўскіх майстрых  Ганны Абрамавай, Марыны Лотыш, Вольгі Барабан. Сектар рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, адкуль майстрыхі, прапанаваў лялькі-сувеніры, ручнікі, карункі, вырабы-карзіны з папяровых трубачак, кветкі з фаліянту.

На свяце не засталася без увагі і дзятва. “Краіна цудаў і забаваў” стварыла для хлопчыкаў і дзяўчынак атмасферу казкі і прыгодаў. Многім маленькім удзельнікам свята хацелася паабдымацца з дзятлаўскімі роставымі лялькамі, сфатаграфавацца з імі – з вялізным Катом у ботах, клоўнамі Цёпам і Анфіскай. Забаўлялі дзятву ў ролях роставых лялек Іван Каско, Аксана Кашляк, Наталля Бузук.

А колькі яшчэ цікавага і адметнага на свяце! Гэта выставы сельскагаспадарчых жывёл, тэхнікі Мінскага трактарнага завода, набыткаў лясных і паляўнічых гаспадарак, паказальныя выступленні вайсковых кінолагаў, мастацкія выставы, выступленні аматарскіх і прафесійных калектываў, разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы.

Познім вечарам завершыцца свята піратэхнічным прадстаўленнем.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ