Ад першых крокаў працы – да юбілейнай даты

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Cвой 50-гадовы юбілей 16 кастрычніка адзначыла загадчыца малочнатаварнай фермы КСУП “Вензавец” Алена Гузоўская.

Акрамя родных, калег і сяброў з юбілеем заслужаную работніцу павіншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. З найлепшымі пажаданнямі здароўя, бадзёрасці і аптымізму ён уручыў гаспадыні малочнай вытворчасці Падзячны ліст за бездакорную працу і адданасць справе, а таксама грашовы падарунак.

Прыемная сустрэча з нагоды святкавання юбілейнай даты адбылася ў аграгарадку Вензавец, дзе жыве юбілярка.

Ад імя адміністрацыі і работнікаў гаспадаркі павіншавалі калегу кіраўнік па вытворчасці КСУП “Вензавец” Ігар Гульнік, старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Ірына Бушчык, інжынер па ахове працы Валянціна Макарэвіч, галоўны заатэхнік гаспадаркі Анастасія Паўловіч.

Яны пажадалі жанчыне моцнага здароўя, поспехаў у працы, сямейнага шчасця і дабрабыту, выказалі словы падзякі за добрасумленную працу, адказнае стаўленне да справы.

Агульны працоўны стаж Алены Уладзіміраўны складае больш за 30 гадоў, і ўсе яны звязаны з сельскай гаспадаркай. Працоўная біяграфія жанчыны пачала пісацца з 1997 года з пасады аператара малочнага даення СВК “Сачыўляны”.

Загадчыцай малочнатаварнай фермы ў КСУП “Вензавец” Алена Гузоўская працуе першы год.

За гады жыцця жанчына паспела стаць не толькі адказнай працаўніцай сельскагаспадарчай сферы, яна – шматдзетная матуля, якая выхавала шасцярых дзяцей. У 2005 годзе Алена Гузоўская

адзначана ордэнам Маці. Старэйшаму сыну ўжо споўнілася 28 гадоў, малодшая дачка сёлета заканчвае адзінаццаты клас. Жыццёвы шлях жанчыны – гэта прыклад бязмежнай адданасці сям’і, абранай справе і рабоце.

На працягу ўсёй сваёй працы яна імкнулася набыць бясконцую мудрасць, прынцыповасць і прафесіяналізм, Алена Уладзіміраўна шчыра лічыць, што ад старанняў кожнага работніка залежыць яго ўласны дабрабыт і дабрабыт гаспадаркі ў цэлым.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ