Каб паказчыкі раслі, як грыбы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Такія пажаданні прагучалі на адрас кіраўніцтва і спецыялістаў КСУП “Белагурна” ад ветэранаў працы гаспадаркі.

Сустрэча пакаленняў адбылася тут напярэдадні адметнай даты – 70-годдзя з дня заснавання сельгаспрадпрыемства. Праходзіла яна ў фармаце дня адчыненых дзвярэй. Сустракаліся калегі: тыя, хто сёння працуе на розных участках гаспадаркі, і тыя, хто аддаў рабоце шмат гадоў свайго жыцця, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму цікавіцца справамі, стараецца “трымаць руку на пульсе”.

Арганізатары паклапацілася, каб мерапрыемства было цікавым і прынесла радасць удзельнікам. “Ідэйнымі лідарамі” дня адчыненых дзвярэй КСУП “Белагурна” выступілі кіраўнік гаспадаркі Антон Маркевіч, галоўны спецыяліст Андрэй Добыш, старшыня прафкама Святлана Драб, іх падтрымалі старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама Вера Добыш, работніца культуры Святлана Венская. Напярэдадні адметнай даты вырашылі паказаць ранейшым работнікам, якія змены адбыліся ў гаспадарцы за апошні час, расказаць аб дасягненнях і паказчыках, адказаць на пытанні і проста падарыць святочны настрой.

Экскурсія пачалася з малочнатаварнай фермы “Белагурна”, дзе прайшла рэканструкцыя. Тут створаны спрыяльныя ўмовы для работнікаў, аўтаматызаваны вытворчыя працэсы, палепшаны ўмовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Да аб’екта пакуль далучана ранейшая ферма “Харашкі”. Абнаўленне дае свой плён. Па падліках, гаспадарка сплюсавала па малаку на 140 % да мінулагодняга ўзроўню, сёлета ў жніўні малако ішло вышэйшым гатункам. Кармоў у сельгаспрадпрыемства дастаткова, нават ёсць магчымасць рэалізоўваць іх суседзям. Па прывагах цялят гаспадарка сярод раённых лідараў. На ферме “Белагурна” ўтрымліваюцца 502 дойныя каровы. У планах на наступны год – пабудаваць тут цялятнік на 300 галоў і стварыць яшчэ 100 жывёламесцаў. Цяпер КСУП завяршае капітальны рамонт фермы “Харашкі”, дзе ў хуткім часе можна будзе ўтрымліваць 300 жывёлін.

Прайшоўшыся па бытавых памяшканнях і кароўніках, былыя работнікі адзначылі, што многае памянялася да лепшага, што працаваць у такіх умовах лягчэй, чым у іх час, пажадалі маладзейшаму пакаленню жывёлаводаў поспехаў і плёну ў рабоце.

Экскурсія прадоўжылася на ўлонні прыроды. Удзельнікі мерапрыемства наведаліся на азёры, якія арандуе фермер Іван Апанасік. Ён сочыць за чысцінёй, добраўпарадкуе тэрыторыю, разводзіць рыбу – карпа, амура, карася, таўсталобіка, ёсць у азёрах нават фарэль. Кажуць, што раней мясцовыя вадаёмы належалі панам, быў тут драўляны млын, сістэма пабудоваў для рэгулявання ўзроўню вады, рэшткі яе засталіся да нашага часу. Сярод гэтай прыгажосці сёння прыемна парыбачыць і адпачыць, пафатаграфавацца на памяць, што і зрабілі ўдзельнікі дня адчыненых дзвярэй.

Праграму сустрэчы прадоўжыла ўрачыстае мерапрыемства і салодкі стол. Цёплыя словы на адрас ветэранаў працы прагучалі ад Антона Маркевіча і Веры Добыш, музычныя падарункі для жаданых гасцей падрыхтавалі Андрэй Добыш і Святлана Венская. Самі пенсіянеры не змаглі ўседзець моўчкі: як у былыя часы, яны паспявалі любімыя песні пра калгас, працу, родную зямлю, пагутарылі, пазадавалі пытанні, падзяліліся ўспамінамі.

Паколькі арганізатары падрыхтавалі юбілейны фотакуток са здымкамі лепшых працаўнікоў і першага дырэктара плем-саўхоза “Мяляхавічы” Вячаслава Рабчэўскага, які заклаў надзейны падмурак для сённяшніх дасягненняў гаспадаркі, напачатку слова далі яго ўдаве Валянціне Рабчэўскай. Жанчына ўзгадала, як сур’ёзна да справы адносіўся яе муж, колькі сілаў і энергіі ён патраціў, каб падняць паказчыкі, пабудаваць мясцовую кантору і сацыяльныя аб’екты. Клопаты далі плён: “Мяляхавічы” не аднойчы былі ўладальнікамі пераходнага сцяга па малаку, гаспадарцы быў прысвоены статус “плем-саўхоза”. Асобу Вячаслава Аляксандравіча можна назваць “легендарнай” у гісторыі сельгаспрадпрыемства, нездарма сярод яго ганаровых узнагародаў ёсць грамата Вярхоўнага Савета БССР.

Роздум аб былых часах прадоўжылі Ганна Калеснік, Леанарда Ляпешка, Алег Маёраў. Раксазалі, наколькі ў Белагурне цанілі спецыялістаў, як іх зацікаўлівалі, чаму работнікі тут былі адказнымі, сумленнымі, працавітымі, хоць спраўляцца ім даводзілася з вялікімі аб’ёмамі працы, бо тэхніка была не настолькі энерганасычанай і “разумнай” як у нашы дні. Тым не менш, круглы год гаспадарка працавала на вынік, тут атрымлівалі высокія ўраджаі зерневых, бульбы і агародніны, мясцовых кароваў вазілі на сельскагаспадарчыя выставы. Ветэраны працы пажадалі маладому пакаленню такога ж плёну ў справах і падзякавалі за памяць, за тое, што іх тут не забываюць.

Сустрэча ў Белагурне атрымалася насычанай і цікавай, карыснай, як для гасцей, так і для гаспадароў: кожны з прысутных змог выказацца, паслухаць іншых, даведацца шмат новай і цікавай інфармацыі.

Ірына СТЫРНІК