Веды — як у медыкаў, спрытнасць — як у ратаўнікоў. Раённыя спаборніцтвы добраахвотных пажарных падраздзяленняў і санітарных дружын

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ва ўрочышчы «Рыбакі» 15 чэрвеня прадстаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, Дварэцкага льнозавода, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў і Дзятлаўскага лясгаса ўдзельнічалі ў штогадовых спаборніцтвах добраахваотных пажарных падраздзяленняў і санітарных дружын.

Не паспеўшы сустрэцца, каманды хутка рызышліся па сваіх участках спаборніцтваў.

Сандружыны праверылі аснашчэнні, а таксама дасканала перабралі ўсё, што ўкамплектавана ў медыцынскіх сумках.

Тут і нашатырны спірт, і ёд, і лейкапластыр — нарматыўны пералік медыкаментаў вялікі, таму не ва ўсіх удзельнікаў у камандах былі патрэбныя рэчы. А калі чагосьці няма — мінус у рэйтынгу.

Да таго ж, прадстаўнікі каманд прадэманстравалі свае ўменні хутка рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі. Напрыклад, як выратавацца ад атручвання чадным газам? У выпадку бяды ўдзельнікі спаборніцтваў ведаюць, як дапамагчы сабе і тым, хто побач.

Далей — ядзерны ачаг, дзе трэба прадэманстраваць валоданне тэарэтычнымі ведамі па медыцынскай дапамозе. Тут усё, як на экзамене: адказ па білетах і атрыманне адзнакі.

Але аднымі адказамі на пытанні не абмежавацца: у некаторых зададзеных сітуацыях трэба яшчэ наглядна паказаць, як дзейнічаць і правільна сябе паводзіць.

У шпітальным аддзяленні сандружыны паказвалі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі. Дарэчы, з такімі заданнямі яны спраўляліся хутка і якасна: спрытна і аператыўна перамяшчалі «хворага» на насілкі, накладвалі адзін аднаму кампрэсы, умела рабілі перавязкі, выконваючы двайны ход бінта вакол галавы.

Яшчэ адзін іспыт — адказы на пытанні па інфекцыйных хваробах. Тэарэтычныя веды ўдзельнікаў мерапрыемства былі добрыя. Відаць, да спаборніцтваў рыхтаваліся адказна.

Усе выпрабаванні каманд праходзілі пад строгім кантролем судзейскай камісіі, у склад якой уваходзілі прафесійныя медыкі.

Паралельна ў той жа час на «баявым полі» адбывалася пажарная эстафета.

Мужна і адважна ўдзельнікі на хуткасць пераадольвалі перашкоды, дэманстравалі свае ўменні карыстацца прыладамі для пажаратушэння, змагаліся з сапраўдным вогнішчам.

Самая доўгачаканая і напружаная частка мерапрыемства — падвядзенне вынікаў. Каманды-сапернікі сабраліся на фінальным пастраенні, а члены журы не сталі доўга трымаць інтрыгу.

Першымі развіталіся з хваляваннем ад чакання вынікаў добраахвотныя пажарныя дружыны.

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык спачатку агучыў пераможцаў баявога разгортвання ад пажарнай машыны.

Каманда Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў заняла трэцяе месца, калектыў Дзятлаўскага лясгаса на гэтым жа этапе спаборніцтваў заняў другую пазіцыю. Лідар — каманда Дварэцкага льнозавода.

Наступны этап спаборніцтваў — баявое разгортванне ад пажарнай мотапомпы. Тут вынікі аказаліся наступнымі: каманда Дварэцкага льнозавода заняла трэцяе месца, другое — КСУП «Белагурна», на першым месцы — Дзятлаўскі лясгас.

У пажарнай эстафеце трэцімі сталі прадстаўнікі Дзятлаўскага лясгаса, апярэдзілі іх удзельнікі каманды КСУП «Белагурна», а лепшай стала каманда Дварэцкага льнозавода.

Сяргей Казушчык адзначыў, што каманды змагаліся годна, набралі значную колькасць ачкоў, але пераможца павінен быць адзін. Таму ў агульнакамандным заліку трэцімі сталі прадстаўнікі Дзятлаўскага лясгаса, другімі — КСУП «Белагурна», а бясспрэчным пераможцам па выніках усіх этапаў спаборніцтваў аказалася каманда Дварэцкага льнозавода.

Падзякавала ўсім удзельнікам спаборніцтваў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч і ўручыла ўзнагароды лепшым сярод санітарных дружын. Сёлета трэцяе месца заняла сандружына КСУП «Русь-Агра». Другое месца атрымалі прадстаўнікі КСУП «Жукоўшчына», а вядучай членамі журы была выдзелена каманда ААТ «Граніт-Агра». Дарэчы, прадстаўнікі каманды-лідара і ў мінулым годзе праявілі сябе на вышэйшым узроўні, заняўшы пераможны п’едэстал.

Таксама журы не пакінула па-за ўвагай і прадстаўнікоў КСУП «Войневічы», якія паказалі добрыя веды і практычныя навыкі па доглядзе за хворымі ў шпітальным аддзяленні. Каманда КСУП «Дварэц-Агра» прадэманстравала добрыя веды ў тэарэтычным конкурсе. Санітарная дружына КСУП «Хвінявічы» дакладна ведае, як аказваць першую медыцынскую дапамогу ў ачагу ядзернага паражэння.

Старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак падтрымаў удзельнікаў спаборніцтваў грашовымі прэміямі.

Прыемныя падарункі атрымалі прадстаўнікі КСУП «Слава працы» і КСУП «Вензавец» ад старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіны Касцюк.

 

Юлія БАКУНОВІЧ