Каб цяпло не апякло

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Пасля заканчэння ацяпляльнага сезона арганізацыі праводзяць рамонтныя работы і гідраўлічныя выпрабаванні на цеплавых сетках, якія звязаны з павышаным ціскам.

Небяспеку выклікаюць разрывы трубаправодаў, якія пракладзены пад зямлёй, бо можа ўтварыцца прамывіна, запоўненая гарачай вадой, таксама разрытыя траншэі для замены і пракладкі трубаправодаў. Любыя свавольствы і гульні паблізу дзеючых трубаправодаў могуць прывесці да сур’ёзных траўмаў, таму ў мэтах асабістай бяспекі забараняецца:

спускацца ў адкрытыя цеплавыя камеры, калодзежы, каналы;

спускацца і пераходзіць у неабсталяваных месцах траншэі, каналы, дзе вядуцца работы па пракладцы або рамонце цеплавых сетак;

набліжацца да прамывін, якія ўтвараюцца ў месцах парываў трубаправодаў, бліжэй, чым на пяць метраў;

дакранацца да трубаправодаў пары і гарачай вады;

хадзіць па трубаправодах, канструкцыях і перакрыццях;

пералазіць праз трубаправоды надземнай пракладкі ў месцах, не абсталяваных пераходнымі масткамі;

знаходзіцца блізка ад запорнай, рэгулюючай і засцерагальнай арматуры, фланцавых злучэнняў трубаправодаў;

круціць засаўкі, вентылі і краны на любых трубаправодах;

заходзіць у памяшканні цэнтральных і індывідуальных цеплавых пунктаў;

набліжацца да месцаў, дзе вядуцца работы па рамонце цеплавых сетак і праводзяцца зварачныя работы.

Віталь КРЫЎДА,
дзяржаўны інспектар энерганагляду